Не блытаць з Малік-шах I, Рум.
Абуль-Фатх Джалал ад-Дзін Мелік-шах (Малік-шах) (перс.: ملكشاه, турэцк.: Melikşah, туркм.: Mälikşa; 16 жніўня 1055 — 19 лістапада 1092) — сельджукскі султан (1072—1092), сын і пераемнік Алп-Арслана. У час кіравання Мелік-шаха сельджукская дзяржава дасягнула сваёй найбольшай магутнасці[4]. Пры Мелік-шаху I сталіца імперыі была перанесена з Рэя ў Ісфахан.
У самым пачатку свайго кіравання Мелік-шах здушыў мяцеж свайго дзядзькі Кавурда і пакараў яго смерцю. Мелік-шах пашыраў межы Сельджукскай імперыі. Былі захоплены Паўночная Сірыя і частка Палесціны. Пазней, у 1074 годзе, ён вырашыў накіраваць сваю ваенную моц супраць караханідскага хана Шамс аль-Мулька, уладара Самарканда. Галоўная бітва адбылася недалёка ад Каршы. Ханскія войскі былі ўшчэнт разбіты Сельджукідамі. Пасля гэтага імі былі захоплены Бухара і Самарканд. У 1079 годзе адбыўся паход у Грузію і Арменію. Некаторы час Сельджукіды ўстрымліваліся ад буйных паходаў, але ўжо ў 1089 годзе пачалася новая ваенная кампанія, у ходзе якой была захоплена Фергана. Сельджукская імперыя пашырылася да межаў Усходняга Туркестана.
Акрамя ваеннай дзейнасці, Мелік-шах займаўся і аднаўленнем разбураных і спустошаных пасля войнаў і паўстанняў абласцей імперыі. Яго дзяржава была падзелена на 12 васальных княстваў, яікімі кіравалі сельджукскія арыстакраты і военачальнікі. Для таго, каб палегчыць шляхі зносін паміж сваімі леннымі ўладаннямі Мелік-шах паляпшаў дарогі, таксама ён будаваў будынкі агульнага карыстання — караван-сараі, былі пабудаваны сотні мячэцяў, медрэсэ, палацаў. Пры двары адбыўся ўздым мастацтва і паэзіі, а таксама навукі. Пры Мелік-шаху была праведзена рэформа календара, створаны вышэйшыя школы ў Гераце, Багдадзе, навукоўцам аказвалася ўсялякая дапамога. У якасці візіра (галоўнага міністра) пры ім служыў Нізам аль-Мульк, меркаваны аўтар трактата Сіясет-намэ («Кніга аб кіраванні»). У тыя часы жылі і працавалі Амар Хаям, Газалі, Атар.
Султаны, якія былі артадаксальнымі сунітамі, праследвалі шыітаў, у прыватнасці, ісмаілітаў Хасана ібн Сабаха. Паслядоўнікам Сабаха ўдалося заняць крэпасць Аламут недалёка ад Казвіна, і войска пад камандаваннем эміра Арслан-Таша, адпраўленае Малік-шахам, не змагло адбіць яе. Гулям султана Кзыл Саруг аблажыў крэпасць Дару ў Кухістане, але спыніў ваенныя дзеянні ў сувязі са смерцю Мелік-шаха 19 лістапада 1092 года. Магчыма, ён быў атручаны. Султан быў пахаваны побач са сваім бацькам Алп-Арсланам у Мерве. Пасля смерці Мелік-шаха пачалася барацьба за ўладу паміж яго сынамі[5].