Маляшы́ (польск.: Malesze, па-падляску: Malisế[2]) — вёска ў Бельскім павеце Падляскага ваяводства Польшчы. Знаходзіцца ў гміне Вышкі.
Вёска знаходзіцца на заходняй мяжы этнічнай тэрыторыі беларусаў.
Жыхары вёскі ў большасці этнічныя беларусы, якія карыстаюцца падляскім дыялектам[3], праваслаўныя (прыход святых Пятра і Паўла на месцы). Невялікую частку насельніцтва складаюць палякі-каталікі (парафія Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны ў Лубіне Касцельным[4]).
Маляшы былі заснаваныя ў час валочнай памеры ў бранскім старастве. З самога пачатку былі заселеныя беларускімі мужыкамі пасярод ранейшых вёскаў, у якіх пражывала польская дробная шляхта. Тутэйшыя мужыкі працавалі ў фальварку ў Буйнове.[2]. Вёска аддвалася бранскімі старастамі ў арэнду акалічнай шляхце. Здаўна існавала тут царква, якой належалі 2 валокі зямлі[5]. Амаль поўнасцю была зруйнаваная ў час шведcкіх войнаў паловы 17 ст. (засталіся тут толькі 3 сям’і), але паспяхова адбудоўвалася і ў 1740 г. былі тут 41 хаты[2]. У другой палове 19 ст. царскімі ўладамі была заснаваная маляшоўская воласць, якая праіснавала да 1915 г.[5]. У міжваенны перыяд Маляшы належалі да гміны Тапчэва Бельскага павета Беластоцкага ваяводства. Паводле польскага перапісу насельніцтва 1921 г. пражывалі тут 285 жыхары (76 каталікоў, 195 праваслаўных і 14 юдэяў; палякамі лічыліся 71 жыхар, беларусамі 198, 14 жыдамі і 2 рускімі[6]. У 1944 г. тутэйшая царква (пабудаваная ў 1870 г.) была знішчаная немцамі, новая царква была пабудаваная прыхажанамі толькі ў 1954 г. Пасля вайны каля 20 сем’яў выехала з Маляшоў у Савецкі Саюз[2].