Максім Баграцоў — беларускі грамадскі дзеяч, сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады.
Дзед — афіцэр-артылерыст, зрабіў хуткую кар’еру ў 1930-я, падчас Другой сусветнай вайны атрымаў шмат узнагарод, хоць і трапіў у палон. Бацькі – інжынер і настаўніца малодшых класаў. Нарадзіўся ў Мінску, сям’я жыла ў раёне вул. Парніковай. Старэйшы брат займаецца праектаваннем мастоў і тунэляў.
Вучыўся ў школе № 63 Мінска. Дзякуючы таму, што шэфства над школай трымаў Інстытут матэматыкі НАН, тут ужо ў 1980-я гады быў клас персанальных кампутараў. Падчас навучання захапіўся інфарматыкай. Школу скончыў з залатым медалём. Скончыў факультэт прыкладной матыматыкі БДУ з чырвоным дыпломам[3].
Пасля ўніверсітэта займаўся распрацоўкай праграмнага забеспячэння як фрылансер. У 1997 годзе пачаў працаваць у кампаніі EPAM Systems як распрацоўшчык. Дасягнуў пазіцыі віцэ-прэзідэнта. Болей за 20 гадоў працаваў у амерыканскім офісе EPAM Systems. Грамадзянін ЗША і Беларусі.
Падчас выбарчай кампаніі 2020 года зацікавіўся палітыкай, бо «на гэтых выбарах з’явіліся новыя значныя фігуры, калі стала ясна, што ўзнік моцны грамадзянскі рух, і ён не згас нават пасля таго, як усіх пасадзілі». Пасля падзей 9-11 жніўня 2020 года вырашыў вярнуцца з ЗША ў Беларусь, каб прыняць больш актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці. Для гэтага узяў безтэрміновы адпачынак. Уступіў у Каарданацыйную раду.[3] Адзін з лідараў Каарданацыйнай рады. Дае шмат інтэрв’ю, ладзіць стрымы на YouTube-канале штаба Віктара Бабарыкі.