МАЗ-1500 — cпартыўны аўтамабіль, створаны ў 1959 годзе. Распрацоўваўся для ўдзелу ў шашэйна-колавых гонках у класе аўтамабіляў да 1600 см³.
Праца над канструкцыяй МАЗ-1500 пачалася ў 1957 годзе ў канструктарскім аддзеле Мінскага аўтамабільнага завода пад кіраўніцтвам В. В. Майбарады і завяршылася ў 1960 г. Пабудавана два аўтамабіля. Прататыпам, пры распрацоўцы формы кузава, паслужыў нямецкі Mercedes-Benz-300SLR узору 1955 г.
Асноўная ўвага была ўдзелена пытанням устойлівасці ў паваротах і паніжэння цэнтра цяжару. З мэтай павелічэння момантаў інэрцыі адносна вертыкальнай і папярочнай восяў найбольш масіўныя агрэгаты былі разнесены на шасі наперад і назад на максімальна магчымую адлегласць. Шасі было выканана ў выглядзе прасторавай фермы з сталёвых труб дыяметрам 25 і 18 мм, да якой мацаваліся кузаўныя панэлі з шклапластыка. Рухавік размешчаны спераду, сядзенні вадзіцеля і пасажыра ссунутыя да задняй восі. Радыятар, паліўны бак, запасное кола размешчаныя па-за колавай базай.
Вага аўтамабіля размеркавана па восях наступным чынам: на пярэднюю вось прыходзіцца 48%, на заднюю — 52%. Цэнтр цяжару — 340 мм ад зямлі.
На аўтамабіле быў ужыты рухавік “Масквіч-407”, абсталяваны чатырма карбюратарамі і спецыяльна распрацаванай выпускны сістэмай. Ступень сціску была павялічана да 8,5.
Трансмісія таксама была выканана на аснове агрэгатаў ад “Масквіча-407” (каробка перадач, дыферэнцыял, галоўная перадача). Падвеска ўсіх колаў — незалежная: пярэдняя — на папярочных рычагах, тарсіённая, задняя — тыпу “Дэ Дыён”. Мацаванне колаў ажыццяўлялася цэнтральнымі гайкамі. Тармазныя барабаны як спераду, так і ззаду былі вынесеныя з колаў на раму.
Тэхнічныя характарыстыкі | |
---|---|
Рухавік | Масквіч-407, R4 |
Рабочы аб'ём, л | 1,358 |
Максімальная магутнасць, к.с. пры аб / хв | 60 / 5000 |
Маса, кг | 730 |
Максімальная хуткасць, км / г | 165 |
Ёмістасць паліўнага бака, л | 80 |
Шасі | трубчастая прасторавая рама |
Тормазы | барабанныя |
Габарытныя памеры | |
Даўжыня, мм | 4000 |
Шырыня, мм | 1550 |
Вышыня, мм | 1050 |
База, мм | 2250 |
Каляіна, мм | 1220 |
Памер шын | 5,00-16" |
Пад кіраўніцтвам В. Майбарады, Ю. Колабава, Е. Куляшова і Г. Фрыда абодва пабудаваных аўтамабіля прымалі ўдзел у гонках у 19611964 г. уключна, аднак канчатковая іх даводка так і не была завершана, і высокіх вынікаў яны не дамагліся[1]. Адсутнасць зацікаўленасці ў кіраўніцтва завода не дазволіла давесці канструкцыю, і патэнцыял аўтамабіля так і застаўся нерэалізаваным.
Лепшы вынік, паказаны на этапе чэмпіянату СССР — 5 месца[2].