Луіс Інасіу Лула да Сілва (парт.: Luiz Inácio Lula da Silva; нар. 27 кастрычніка 1945) — бразільскі палітык. Прэзідэнт Бразіліі (2003—2011).
З часоў удзелу ў прафсаюзным руху вядомы больш не па прозвішчы, а па мянушцы «Лула», якая з’яўляецца памяншальнай формай ад імя Луіс. Пазней гэты элемент быў афіцыйна ўключаны ў склад прозвішча.
Сузаснавальнік і ганаровы старшыня сацыялістычнай Партыі рабочых (па-партугальску: Partido dos Trabalhadores). Пяць разоў удзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах. Першыя тры разы (у 1989, 1994 і 1998 гадах) прайграў. Быў абраны ў 2002 г. і перавыбраны ў 2006 г. На прэзідэнцкіх выбарах 2010 г. падтрымаў Дылму Русеф — былую міністра энергетыкі і кіраўніка адміністрацыі.
Прэзідэнт Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія з 1 студзеня 2003 па 1 студзеня 2011 гг.
У 2016 г. яму прад’явілі абвінавачванне ў адмыванні грошай. Акрамя таго, яго абвінавачвалі ў атрыманні вілы ў падарунак ад кампаніі, якая працавала з нафтавай кампаніяй Petrobas. Пасля прад’яўлення абвінавачвання Да Сілва паспрабаваў уладкавацца ва ўрад, што гарантавала б яму недатыкальнасць. Суд забараніў браць яго на працу. Прэзідэнт краіны Дылма Русеф, якая хацела наняць да Сілву, неўзабаве таксама была адхіленая ад пасады. У ліпені 2017 г. Луіса Інасіу Лула да Сілву прысудзілі да дзевяці з паловай гадоў турэмнага зняволення[1]. У лістападзе 2019 года выйшаў на волю. У сакавіку 2021 года Федэральны вярхоўны суд Бразіліі адмяніў усе абвінавачанні на яго адрас.
У другім туры прэзідэнцкіх выбараў у Бразіліі 30 кастрычніка 2022 года перамог дзеючага кіраўніка дзяржавы Ж. Балсанару.