wd wp Пошук:

Летапіс Археалагічнага таварыства

Летапіс Археалагічнага таварыства — спіс другога зводу беларуска-літоўскіх летапісаў пашыранай рэдакцыі[1]. Спіс блізкі да Альшэўскага летапісу, аналагічны Румянцаўскаму летапісу і «Хронічцы» з Патрыяршага зборніка[1].

Летапіс складае апошнюю частку рукапіснага зборніка канца XVI ст. — пачатку XVII ст. У XIX стагоддзі зборнік захоўваўся ў бібліятэкі Рускага археалагічнага таварыства, адкуль і атрымаў сваю назву. Цяпер захоўваецца ў фондзе Археалагічнага таварыства ў рукапісным аддзеле Рускай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу[2]. Рукапіс упершыню быў апісаны Дзмітрыем Празароўскім[3].

Акрамя летапісу, зборнік змяшчае і іншыя творы: «Список с печатных цесарских и галанских писем, каковы переведены в нынешнем во 178 года октября в 13 день» (лісты 1-9), 10-ы ліст пусты, «Список турского салтана к цесарю римскому з грамоты 1663» (лісты 11-13), «Список з грамоты цесаря римского к турскому салтану» (лісты 13-14), 15-ы ліст пусты, «Послание турского царя Салтана к царю и великому князю Ивану Васильевичю» (лісты 16 -18), «Послание царю и великому князю Ивану Васильевичу бывшаго его боярина князь Андрея Михайловича Курпъского» (лісты 18-20), 21-ы ліст пусты, пераклад з нямецкага ліста турэцкага султана польскаму каралю (лісты 22-25), «Список» з ліста турэцкага султана Магамета «неметцким владетелям» (лісты 25-27), «Казанне» пра ўезд у Кракаў Яна Сабескага і пра пахаванні каралёў Яна Казіміра і Міхала Вішнявецкага (лісты 27-29), у лістах з 30 па 42 ўтрымліваюцца розныя весткі. Гэтыя першыя 42 лісты напісаныя некалькімі почыркамі скорапісам XVII стагоддзя на белай мяккай паперы[2].

Уласна летапіс змяшчаецца ў другой частцы зборніка, на лістах з 43-га па 73-й абаротны. Ён напісаны адным почыркам паўуставам XVI стагоддзя цёмнымі чарніламі на больш шчыльнай і цёмнай, чым першая частка рукапісу, паперы[2]. Пачынаецца летапіс са слоў «тилася, которую называють святая Прикседы, а по руски Поросковея, которой же у Риме и костел збудован» і сканчваецца расповедам пра паход Альгерда на Падолле: «Опят отселе почнем. Коли князь Олкгирд пошол у поле з литовским войском и побил татаров, татарских князей, Качея…». Такім чынам, пачатак і канец летапісу ў рукапісе адсутнічаюць, а пачынаецца ён з паўслова[2].

Упершыню Летапіс Археалагічнага таварыства быў апублікаваны ў XVII томе Поўнага збору рускіх летапісаў (слупкі 246-278). Пры выданні Станіслаў Пташыцкі аднавіў у летапісе адсутныя месцы паводле Румянцаўскай і Патрыяршага летапісаў, з першай узяў і загаловак «Кроиники Великаго княжства Литовского и Жомоитскаго»[2]. Перавыдадзены Мікалаем Улашчыкам ў XXXV томе Поўнага збору рускіх летапісаў, дзе займае старонкі з 91 па 102[2].

Зноскі

  1. 1 2 ЭнцВКЛ, 2005
  2. 1 2 3 4 5 6 Улащик Н. Н. Предисловие // Полное собрание русских летописей. — Т. 35. — М., 1980. — С. 8—9.
  3. Прозоровский Д. Опись древних рукописей, хранящихся в Музее имп. Русского археологического общества. — СПб., 1879. — С. 66-69.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Беларуска-літоўскія летапісы