wd wp Пошук:

Лабарыя ямістая

Лабарыя ямістая (Lobaria scrobiculata) — від ліставатых лішайнікаў роду Лабарыя (Lobaria) сямейства Лабарыевыя (Lobariaceae).

Апісанне

Слаявіна ліставатая, дольчата-буйналопасцевая, неглыбока выразаная, шырынёй да 15 см. Верхняя паверхня слаявіны блакітна-шэрая, светла-шаравата-зялёная або аліўкавая, больш-менш невыразна сеткавата-ямістая, па краях, рэбрах або па ўсёй паверхні мае блакітна-шэрыя або цёмна-бурыя сараліі. Сарэдыі часам прарастаюць у сарэдыяльныя ізідыі. Ніжняя паверхня караткалямцавая, шаравата-жоўтая, у цэнтры — да бура-чорнай, з нешматлікімі рызінамі, прыкметнымі ўэдуццямі, якія адпавядаюць ямкам на верхняй паверхні. Псеўдацыфелы белыя, парашкападобныя, няправільнай формы і памераў. Стрыжань утрымлівае арганічныя кіслоты.

Распаўсюджанне

Лабарыя ямістая на ствале дрэва, Нью-Брансуік, Канада

Трапляецца ў лясах Галарктыкі, у Паўднёвай Амерыцы, Афрыцы, Аўстраліі і Новай Зеландыі. Пашырана ў лясной паласе Еўразіі, адзначана і ў Арктыцы (Еўрапейскі сектар). На тэрыторыі Беларусі рэдкі від. Расце на ствалах шыракалістых дрэў, на сучках елкі і на замшэлым бураломе ў старых цяністых лясах з павышанай вільготнасцю паветра. Трапляецца асобнымі экземплярамі або невялікімі групамі на абмежаваных плошчах.

Асаблівасці біялогіі

Размнажаецца вегетатыўна (сарэдыямі і ізідыямі) або аскаспорамі.

Від вельмі адчувальны (індыкатарны) да антрапагенных уздзеянняў.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы без ITIS
Катэгорыя·Грыбы паводле алфавіта
Катэгорыя·Лабарыевыя