wd wp Пошук:

Кутора звычайная

Кутора вадзяная, кутора звычайная (Neomys fodiens) — млекакормячая жывёла сямейства землярыйкавых.

Апісанне

Даўжыня цела 7—10 см, хваста 5—8 см, маса 10—17 г. Поўсць кароткая, густая, аксаміцістая, на спіне і баках чорная, радзей чорна-бурая, знізу белая або шараватая, ліняе ўвесну і восенню. Мордачка падоўжаная з доўгімі вібрысамі, якія выконваюць ролю лакатараў. Па ступнях і пальцах задніх лап плавальная аблямоўка з цвёрдых валаскоў. Доўгія валаскі знізу хваста ўтвараюць кіль.

Пашырэнне

Пашырана ў Еўразіі: у т.л. у Еўропе, Сібіры. Самая вялікая з землярыек Беларусі, трапляецца па ўсёй тэрыторыі каля вадаёмаў, на балотах, у сырых лясах, зімой нярэдка каля жылля чалавека.

Асаблівасці біялогіі

Корм (водныя насякомыя і іх лічынкі, малюскі, чэрві, апалонікі, жабы, дробныя грызуны, рыба і інш.) раздабывае пераважна у вадзе, з’ядае на сушы. Вельмі пражэрлівая. Галаданне пераносіць лепш за іншых землярыйкавых (абыходзіцца без корму да 3 сутак).

Паўводная жывёла, добра плавае і нырае. Актыўная ўвесь год, удзень і ўначы.

Гнёзды ў норах або сховішчах на паверхні вады, на купінах сярод травы. Нараджае (красавік—кастрычнік) па 6—8 (зрэдку да 14) дзіцянят 2—3 разы на год.

Значэнне ў прыродзе

Можа шкодзіць рыбнай гаспадарцы. Вадзяная кутора — корм для драпежных і буслападобпых птушак.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Землярыйкавыя
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта