Крывацве́т палявы[3] (Anchusa arvensis) — від кветкавых аднагадовых травяністых раслін сямейства бурачнікавых.
Крывацвет палявы, калючнік, пакравец, старасцнік, сушоннік[4][5], пакрывец, страснік, сушанік.
Расліна вышынёю 20—50 см. Сцябло прамое або ўзыходнае, часцей галінастае, сакаўное, злёгку рабрыстае, апушанае цвёрдашчаціністымі валаскамі, што сядзяць на бародаўках. Лісце падоўжанае, лінейна-ланцэтнае, тупое, па краі хвалістае, дробнавыемчата-зубчастае, рэдка ўсаджанае шчацінкамі, ніжняе — чаранковае, верняе — сядзячае, паўсцеблаабдымнае. Кветкі блакітныя, з шырокімі прыкветкамі, у моцнааблісцелых завітках. Плод — чатырохарэшак. Арэшкі косаяйцападобныя, сеткавата-маршчакаватыя і дробнабугрыстыя.
Пашыраны ў Еўропе. На Беларусі расце на палях, папарах, засмечаных мясцінах. Цвіце ў маі — жніўні.
Выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне.