wd wp Пошук:

Крот еўрапейскі

Крот еўрапейскі, Крот звычайны, Крот[1] (Talpa europaea) — млекакормячая жывёла сямейства кратовых. Жыве пад зямлёй у глебе.

Апісанне

Цела (даўжыня 12—15 см, маса 65—92 г.) і галава падоўжаныя. Цела крата моцнае, цыліндрычнай формы. Галава без вушных ракавін сядзіць на кароткай шыі. Маленькія недаразвітыя вочы схаваны ў поўсці. Заднія лапы развіты слаба. Пярэднія (капальныя) лапатападобныя канечнасці крата вывернуты вонкі, з доўгімі пляскатымі кіппюрамі і перапонкай паміж пальцамі. Кароткія плячо і перадплечча схаваны ў тулаве. Моцна развітыя лапатападобныя кісці разграбаюць зямлю, дзякуючы чаму крот хутка перамяшчаецца ў глебе. Вельмі добра развіты нюх.

Поўсць кароткая, аксаміцістая, мяккая, зверху матава-чорная або чорна-бурая з шараватым адценнем, знізу больш светлая. Поўсцевае покрыва не мае напрамку.

Пашырэнне

Насельнік глебы лясной і лесастэпавай зон. Пашыраны ў Еўразіі і Паўночнай Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды, часцей у паўночнай і цэнтральнай частках, у месцах з дзярнова-падзолістымі сугліністымі глебамі. Сустракаецца на ўзпесках, высечках, палянах, лугах, палях і агародах, у садах, парках і лясах. Жыве пад зямлёй у норах.

Асаблівасці біялогіі

Кратавінне

Аселы від. Пад зямлёй рые норы (жыллёвыя і кармавыя), зямлю выкідвае вонкі. Яго прысутнасць выдаюць выкіды зямлі з падземных галерэй — кратавінне. Гнездавая камера звычайна пад пнямі, кустамі, купінамі на глыбіні да 1,5 м, кармавыя хады на глыбіні 2—50 см. Актыўны ўвесь год, пераважна вясной і ўвосень, раніцай і ўвечары. Характэрны сезонныя міграцыі з аднаго біятопу ў другі.

Корміцца дажджавымі чарвямі, насякомымі і іх лічынкамі. Бываюць выпадкі канібалізму. За адзін раз з’ядае 22, за суткі да 60 грам корму.

Полавая спеласць ва ўзросце 5—6 месяцаў. Спароўванне ў сакавіку — красавіку. Цяжарнасць да 40 сутак (мяркуюць, што ёсць латэнтная фаза). У прыплодзе 1—9 (найчасцей 3—7) дзіцянят. Некаторыя самкі ў канцы лета даюць другі прыплод. Дзіцяняты нараджаюцца сляпымі, голымі, бездапаможнымі, пакідаюць гняздо праз месяц.

Ліняе крот вясной, улетку і ўвосень.

Промысел

Аб’ект промыслу (нарыхтоўка шкурак).

Зноскі

  1. Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Кратовыя
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак