Красно́ўскі сельсавет — былая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці. Цэнтр — вёска Дзяржынск.
Утвораны 20 жніўня 1924 года ў складзе Нараўлянскага раёна Мазырскай акругі БССР. Цэнтр — вёска Красноўка. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года сельсавет у складзе Нараўлянскага раёна БССР, з 21 чэрвеня 1935 года — Мазырскай акругі, з 20 лютага 1938 года — Палескай вобласці, з 8 студзеня 1954 года — Гомельскай вобласці. З 25 снежня 1962 года па 6 студзеня 1965 года ў складзе Ельскага раёна. 17 снежня 1986 года цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Дзяржынск[1]. 26 верасня 2006 года скасаваны, тэрыторыя далучана да Кіраўскага сельсавета[2].
На момант скасавання ў склад сельсавета ўваходзілі 6 вёсак: Буда Красноўская, Дзяржынск, Красноўка, Маскалёўка, Нічыпараўка і Хамянкі.