wd wp Пошук:

Колюшка трохіголкавая

Трохіголкавая колюшка (Gasterosteus aculeatus, народныя назвы: калюшка, ваўчок, рагулька і інш.[1]) — від рыб сямейства Колюшкавыя.

Апісанне

Рыбка звычайна мае памеры 5-6 см, рэдка да 10 см. Цела сціснутае з бакоў, галава завостраная, на спіне перад спінным плаўнікам тры даволі буйныя калючкі, у калючкі пераўтвораны і брушныя плаўнікі. Лускі няма, а уздоўж цела да хваста размешчана паласа з касцяных пласцінак. Колер цела ў маладых рыбак серабрысты, у сталых — верх галавы і спіна сінія ці чарнавата-шэрыя, бруха серабрыста-шэрае. Вясной, у перыяд нерасту афарбоўка цела ў самцоў робіцца вельмі стракатай: спіна — ізумрудна-зялёнай, вочы — ярка-сінімі, ніз галавы і брушка — чырвонымі. Часам усё цела прымае чырвоную афарбоўку. У самак у гэты час брушка робіцца жоўтым, а поперак цела назіраюцца цёмныя палоскі.

Арэал

Колюшка шырока распаўсюджана па свеце, у Еўропе жыве ад Новай Зямлі да Чорнага мора, у Беларусі яна раней сустракалася толькі ў басейне Заходняга Буга і Нёмана, а ў апошнія дзесяцігоддзі яе пачалі сустракаць у рэках дняпроўскага басейна.

Экалогія і спосаб жыцця

Паштовая марка Беларусі

Жыве колюшка 3-4 гады, размнажэнне пачынае ў аднагадовым узросце. Самец перад нерастам будуе гняздо на грунце, у месцах са слабай плынню. У яго ён па чарзе заганяе некалькі самак, якія адкладаюць там ікру. Пасля гэтага ўвесь перыяд развіцця ікрынак самец ахоўвае гняздо і тэрыторыі вакол яго, грозна распраўляючы свае калючкі пры набліжэнні праціўніка. Гэтая маленькая рыбка, дзякуючы сваім іголкам, можа сябе абараніць не толькі ад дробных рыб, але і ад буйных драпежнікаў: шчупака, акуня і інш. Таму пры невялікай пладавітасці (не болей 250 ікрынак), выжывае даволі шмат моладзі.

Рыбка харчуецца дробнымі рачкамі, лічынкамі насякомых, чарвякамі, ікрой і моладдзю іншых рыб. Яна вельмі пражэрлівая, і пры вялікім распаўсюджанні можа наносіць шкоду, выядаючы ікру многіх каштоўных рыб, знішчаючы запасы іншага корму ў вадаёме. Сама ж яна кормам для іншых рыб служыць не можа, дзякуючы надзейным калючкам.

Значэнне

У еўрапейскіх краінах яе вылоўліваюць у вялікай колькасці для прыгатавання рыбнай мукі на корм свойскім жывёлам, птушкам і рыбам у сажалках. Тлушч колюшкі выкарыстоўваецца для лячэння ран і апёкаў. Раней з яго гатавалі лекі для лячэння сухотаў.

Колюшка лёгка прыжываецца і размнажаецца ў акварыуме, але не выносіць суседства з іншымі відамі акварыумных рыбак.

Зноскі

  1. Жывёльны свет: Тэматычны слоўнік. — Мн.: Беларуская навука, 1999. ISBN 985-08-0185-9
Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе
Катэгорыя·Колюшкавыя
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай