wd wp Пошук:

Кобрынскі строй

Кобрынскі строй з в. Хабовічы (Кобрынскі раён), канец XIX — пач. XX ст. Музей старажытнабеларускай культуры

Кобрынскі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення ў Заходнім Палессі. Бытаваў у ХІХ — пачатку ХХ ст. пераважна на тэрыторыі Жабінкаўскага і Кобрынскага раёнаў. Вызначаўся завершанасцю форм, віртуознай распрацоўкай арнаменту жаночага касцюма.

Жаночае адзенне

Жанчына з вёскі Ліпава ў традыцыйным і вельмі архаічным кобрынскім сялянскім строі. Фатограф Дзмітрый Георгіеўскі, 1937 г.

Комплекс летняга жаночага адзення складаўся з кашулі, спадніцы, фартуха. Кашулю шылі з даматканага льнянога палатна, кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным або стаячым каўняром, прамым рукавом, які заканчваўся фальбонкай або каўнерцам. Аздаблялі кашулю вышыўкай (процягам, крыжыкам), радзей узорыстым ткацтвам і маршчэннем тканіны. Дробнаўзорысты (геаметрычны або раслінны) чырвона-малінавы арнамент з невялікімі ўкрапінамі чорнага ці цёмна-сіняга збіраўся ў вузкія, аднолькавай шырыні шлячкі (нагадваюць тасёмкі), што ў падоўжным ці папярочным кірунку запаўнялі ўсю паверхню рукавоў. У блізкім да кашулі кампазіцыйна-арнаментальным вырашэнні афармляўся фартух, пашыты з 2 дэкаратыўна злучаных полак белай ільняной тканіны.

Адметнасць кобрынскага строю ў спосабе нашэння фартухоў (апраналі 2 фартухі так, каб асноўны арнамент ніжняга фартуха быў відзён з-пад верхняга). Спадніцы шылі з 4 полак узорыстай тканіны: ільняных — з серабрыста-белай, вытканай у тэхніцы шматнітовага ткацтва (у крыжы, акенцы, паскі); ваўняныя (андаракі) — з чырвонай, запоўненай вузенькімі лініямі-прасноўкамі. Радзей выраблялі андарак з чорнай або цёмна-сіняй тканіны з белымі, зялёнымі, сінімі, фіялетавымі прасноўкамі. Падпяразвалі спадніцу поясам з кутасамі, вытканым у разнаколерныя палосы. Зрэдку надзявалі гарсэт.

Жыхары горада Кобрын. Каля 1916

Галаўныя ўборы — намітка, белая палатняная хустка, упрыгожаная «павай» (пяром або веерам з пер’яў), чапец, вянок. Асаблівую велічнасць і пластычную стройнасць касцюму надавала намітка, абматаная вакол твару і жывапісна задрапіраваная на спіне. Шыйнымі ўпрыгожаннямі былі пацеркі, стужкі, абразкі.

Мужчынскае адзенне

Вокладка альбома «Беларускія народныя строі» (2014) Міхаіла Раманюка: сяляне ў кобрынскім строі

Мужчынскае адзенне складалася з кашулі навыпуск, падпяразанай поясам, белых палатняных нагавіц, галаўнога ўбору — саламянага картуза, аздобленага ўзорыстай тасёмкай па верху і маляўнічай какардай, шапкі (круглай, чубатай). Верхняе адзенне мужчын і жанчын: світа (латушка, з вусам), пашытая з белага або шэрага валенага сукна і аздобленая на грудзях і бакавых клінах стракатымі пышнымі кутасамі і вышыўкай малінавымі, блакітнымі ніткамі воўны; куртка, кажух.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Гісторыя Кобрынскага раёна
Катэгорыя·Заходняе Палессе
Катэгорыя·Культура Кобрынскага раёна
Катэгорыя·Культура Жабінкаўскага раёна
Катэгорыя·Гісторыя Жабінкаўскага раёна
Катэгорыя·Этнаграфія Беларусі
Катэгорыя·Адзенне
Катэгорыя·Беларускі касцюм