wd wp Пошук:

Кніга прарока Амоса

Кні́га праро́ка Амоса (іўр.: עָמוֹס; лац.: Prophetia Amos; стар.-грэч.: Αμώς) — 30-я кніга кананічнага Старога Запавету, сямнаццатая частка Танаху. Трэцяя з кніг г. зв. малых прарокаў.

Аўтарства

Напачатку кнігі Амос сам адзначае, што ён быў не «прафесійным» прарокам, а пасвіў авечкі і збіраў фігі з сікамораў. Гэта першы прарок, чыім імем названая кніга Старога Запавету, нягледзячы на тое, што і да яго ў Танаху сустракаліся жыццяпісанні іншых прарокаў.

Амос быў пакліканы прарочыць у часе валадарання Ераваама бен Ёасава, цара Ізраільскага (793—753 да н. э.) і Асіі, цара Іўдзейскага, у перыяд, калі абодва царствы дасягнулі піку росквіту. Амос, хоць паходзіў з Іўдзеі, найперш прарочыў для суседняга Ізраілю. Амос быў сучаснікам іншага прарока, Асіі, але падобна на тое, што пачаў прапаведваць раней за яго.

Імя Амос азначае «абцяжараны», «той, хто носіць бярэмя». Большасьць даследчыкаў сыходзяцца на думцы, што Амос склаў сваё пісанне ўвосень 750 або 749 да н. э.

Змест

Падзеі кнігі адбываюцца ў час, калі народ ізраільскі ў сваёй непавазе да Бога Ізраілю дасягнуў крайняга пункту, перастаўшы слухацца ягоных наказаў.

Бог прамаўляе да Амоса, селяніна-пастуха, і загадвае таму ісці ў Самарыю, сталіцу Паўночнага царства. Прарок абвінавачвае жыхароў Самарыі ў паверхневасці рэлігійнага жыцця, несправядлівасці, недасканаласці грамадства, якое ўзбагачае багатых і знішчае ўбогіх. Сярод грахоў Ізраілю прарок пералічвае прадажнасць судоў, уціск убогіх, сакральную прастытуцыю і хабарніцтва (Ам. 5:6-24).

Праз Амоса Бог прамаўляе да людзей пра тое, што ён збіраецца судзіць Ізраіль за ягоныя правіны, і ягоны суд прыйдзе праз чужаземны народ.

Людзі разумеюць гэты суд як надыход «дню Гасподняга». «Дзень Гасподні» шырока шанавалі і чакалі божыя паслядоўнікі. Аднак Амос прыйшоў папярэдзіць людзей пра прыход Божага пакарання і справядлівай кары за іхнія несправядлівасці. Менавіта ў ягонай кнізе ўпершыню сустракаецца выраз «Дзень Гасподні»[1].

У 722 да н. э., прыкладна праз 30 гадоў пасля прароцтва, Ізраіль і Самарыя былі зруйнаваныя Саргонам II, а большая частка іхняга насельніцтва была захопленая ў палон і вывезеная.

Зноскі

  1. Coogan, M. A Brief Introduction to the Old Testament: The Hebrew Bible in its Context. (Oxford University Press: Oxford 2009). Р.260

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Кнігі Старога Запавету
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Танах:Прарокі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Малыя прарокі
Катэгорыя·Кнігі паводле алфавіта