Кашо — возера ў Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці.
Размешчана ў 4 км на паўночны захад ад горада Гарадок у басейне ракі Усыса (прыток ракі Обаль), якая выцякае з возера пад назвай Гараджанка.
Плошча возера складае 4,15 км² пры найбольшай шырыні 1,3 км. Плошча вадазбору 60,1 км². Найбольшая глыбіня 17,1 м, сярэдняя — 3,5 м. Берагавая лінія звілістая, даўжынёй 21,7 км. Схілы катлавіны дасягаюць вышыні да 6 м, у асобных месцах — да 10 м. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя. Катлавіна складаецца з усходняга (глыбінёй 5,9 м), цэнтральнага (9 м) і заходняга (17,1 м) плёсаў. На возеры два вострава. Мелкаводдзе пясчанае, плоская цэнтральная частка дна пакрыта сапрапелем. На возеры адзначаныя гнездаванні вялікага крахаля.
Каля возера размешчаны вёскі Вялікае і Малое Кашо, Пагост, Сазоненкі, Кавалёўцы.