Катастрофа SSJ 100 у Шарамеццева — авіяцыйная катастрофа, якая адбылася 5 мая 2019 года.
Авіялайнер Sukhoi Superjet 100, які здзяйсняў рэйс Масква—Мурманск, быў вымушаны вярнуцца ў аэрапорт Шарамеццева з-за тэхнічных непаладак[2]. Падчас пасадкі самалёт атрымаў пашкоджанні, якія сталі прычынай узнікнення пажару. Па ўдакладненых дадзеных СК Расіі, загінуў 41 чалавек, у тым ліку адзін член экіпажа[3], некалькі чалавек шпіталізавана[4].
Самалёт Sukhoi Superjet 100-95 (RRJ-95B), рэгістрацыйны № RA-89098, завадскі № 95135, насіў імя «Мустай Карым». Першы палёт здзейсніў 21 чэрвеня 2017 года. У верасні 2017 года быў перададзены ў авіякампанію «Аэрафлот»[5][6]. У красавіку 2019 года прайшоў апошнюю планавую праверку[7].
Самалёт здзяйсняў рэгулярны рэйс «Аэрафлота» SU1492 Масква—Мурманск з аэрапорта Шарамеццева[8].
Узляцеў у 18:02 (па дадзеных прэс-службы АТ «Міжнародны аэрапорт Шарамеццева»[9], тут і далей — маскоўскі час) або ў 18:03 (па дадзеных сэрвісу Flightradar24[8]). Праз некалькі хвілін у самалёт, як мяркуецца, трапіла маланка: сцюардэса Таццяна Касаткіна і некалькі пасажыраў сцвярджаюць, што бачылі выбліск і электрычныя разрады ў вобласці правай плоскасці крыла і правага рухавіка, некаторыя з іх чулі гук удара або воплеска[10][11][12].
У 18:11 усталяваны на борце адказчык УУС выдаў код 7600 — «страта сувязі»[8]. Згодна апублікаваных расшыфроўкi і запісу перамоў, экіпаж звязаўся з дыспетчарскай службай па аварыйнага каналу сувязі, запытаў пасадку і паведаміў пра праблемы са сувяззю і страты аўтаматычнага кіравання самалётам[13][14]. Пасажырам было абвешчана аб вяртанні ў аэрапорт «па тэхнічных прычынах»[15][11].
У 18:14 кіраўнік палётаў АрУС паведаміў зменнаму начальніку аэрапорта Шарамеццева аб вяртанні з паветра рэйса SU1492 (па дакладзе КВС, прычына — адмова радыёсувязі і страта аўтаматычнага кіравання паветраным суднам, заход і пасадка адбываюцца ў штатным рэжыме)[9].
У 18:25 код адказчыка зменены на 7700 — «аварыйная або іншая няштатная сітуацыя»[16]. Да прызямлення панікі на борце не было, сам самалёт не трэсла і ён плаўна зніжаўся[14][17].
А 18:30 самалёт здзейсніў грубую пасадку з адскокамі ад узлётна-пасадачнай паласы[18]. У выніку самалёт сеў на «пуза» задняй часткай і атрымаў пашкоджанне паліўных бакаў, якое прывяло да разліцця паліва і ўзнікнення пажару ў задняй частцы самалёта.
Па дадзеных прэс-службы АТ «Міжнародны аэрапорт Шарамеццева», у 18:31 кіраўнік палётаў па арганізацыі паветранага руху Шарамеццева абвясціў сігнал «Трывога»[9]. У гэты ж час пачалася эвакуацыя пасажыраў сіламі экіпажа па двух надзіманым трапах у насавой частцы[19][10].
У 18:32 да падпаленага самалёта прыбыў першы разлік аварыйна-выратавальнай каманды аэрапорта і пачаў тушыць пажар. Менш чым за дзве хвіліны да яго далучыліся яшчэ пяць разлікаў[9].
У 18:35 ратавальнікі ўвайшлі ў палаючы самалёт[9].
У 18:48 пажар быў патушаны[9]. Самалёт часткова згарэў[20].
На борце самалёта знаходзілася 78 чалавек: 73 пасажыры і 5 членаў экіпажа. Уратавалася 33 пасажыры і 4 члены экіпажа. Загінула 40 пасажыраў і 1 член экіпажа[21]. Амаль усе загінуўшыя пасажыры займалі месцы ў хваставой частцы самалёта, з 11 па 20 шэраг[22]; загінулы бортправаднік Максім Майсееў таксама знаходзіўся ў хваставой частцы салона. Частка людзей атрымала атручвання прадуктамі гарэння і іншыя траўмы[23], дзесяць чалавек было шпіталізавана[24].
Расследаванне авіяцыйнага здарэння вядзе камісія Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэта[20].
У сувязі са здарэннем, следчыя органы Маскоўскага міжрэгіянальнага СУ на транспарце СК Расіі распачалі крымінальную справу па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 263 КК РФ («парушэнне правілаў бяспекі руху і эксплуатацыі паветранага транспарту, што пацягнула па неасцярожнасці да смерцi дзвюх і больш асоб»)[25].
Па рашэнні старшыні СК Расіі, крымінальная справа перададзена для далейшага расследавання ў цэнтральны апарат ведамства[25][3].
Спецыялістамі МАК пачата даследаванне бартавых самапісцаў. Параметрычны самапісец атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні ў выніку ўздзеяння высокіх тэмператур, стан маўленчага самапісца здавальняючы[20].
Па стане на 6 мая 2019 года, следства разглядала некалькі версій, уключаючы адмову тэхнікі, неспрыяльныя ўмовы надвор’я, а таксама недастатковую кваліфікацыю пілотаў, дыспетчараў і абслугоўваючага персаналу[26].