wd wp Пошук:

Касіядор

Касіядор Сенатар (лац.: Cassiodorus Senator; каля 490 — каля 583) — старажытнарымскі дзяржаўны дзеяч, пісьменнік.

Жыццяпіс

Касіядор нарадзіўся ў радавым маёнтку Сцылацыум (лац.: Scyllacium) у паўднёва-ўсходняй Італіі каля 490 года. Ён атрымаў адукацыю ў галіне філасофіі і рыторыкі, як і належыць нашчадку знатнага сямейства. Каля 511 паступіў на пасаду квестара (каралеўскага сакратара) пры двары караля остготаў Тэадорыха Вялікага ў Равене. У 523 прызначаны на пасаду магістра афіцый, такім чынам узначаліўшы дзяржаўную адміністрацыю. З 533 да 537 займаў ключавую пасаду прэфекта прэторыя.

Касіядор задакументаваў сваю кар’еру на дзяржаўнай службе ў аб’ёмных «Варыях» (лац.: Variae), якія ўяўляюць сабой збор лістоў і афіцыйных дакументаў, напісаных ім ад імя вышэйшых кіраўнікоў дзяржавы остготаў.

Пасля таго як Італія вярнулася ў склад Візантыі пры імператары Юстыніяне, Касіядор заняўся стварэннем улснай духоўнай школы. Ён сышоў з публічнага жыцця каля 540 года. Нейдзе ў 550-я гады Касіядор заснаваў манастыр у радавым маёнтку ў Калабрыі і назваў яго «Віварыум» (лац.: Vivarium, ад назвы сваіх рыбных садкоў, дзе рыбы жывуць, не адчуваючы няволі). Манахі тут мелі адчуваць уласную самастойнасць. Касіядор імкнуўся даць адукацыю манахам у галіне як царкоўных, так і класічных ведаў, каб тыя перадавалі набытыя веды іншым. Яны супольна перапісвалі біблейскія і класічныя творы, сабралі і выдалі поўны тэкст Бібліі на лацінскай мове, дадалі каментарыі і заўвагі да асобных кніг Бібліі, выклалі на лацінскай мове працы шэрагу грэчаскіх хрысціянскіх аўтараў.

Адной з найбольш важных прац Касіядора былі «Інстытуцыі» (лац.: Institutiones), дапаможнік для навучання ў манастырскіх установах, у якім аўтар робіць акцэнт на інтэлектуальным развіцці. Гэты энцыклапедычны збор сакральных і свецкіх ведаў складаецца з дзвюх частак. Першая прысвечана інтэрпрэтацыі Бібліі, жыццю і працам айцоў Царквы, другая ўяўляе сабой дапаможнік у вывучэнні сямі свабодных мастацтваў.

Касіядор памёр паміж 575 і 585 гадамі ў сваім манастыры ва ўзросце 90 год. Яго план па захаванні і капіраванні кніг займеў паслядоўнікаў: паколькі многія манастыры карысталіся «Інстытуцыямі», гэта кніга была шматразова перапісана. Закладзеная ім манастырская школа хутка знікла пасля смерці заснавальніка, але тут яшчэ доўгі час займаліся перапісваннем кніг.

Зноскі

  1. 1 2 http://www.ostia-antica.org/~atexts/cassio.htm
  2. 1 2 https://www.christies.com/lotfinder/Lot/cassiodorus-magnus-aurelius-ca487-583-historia-ecclesiastica-tripartita-3853978-details.aspx
  3. Любкер Ф. Cassiodorius // Реальный словарь классических древностей по Любкеру / под ред. Ф. Ф. Зелинский, А. И. Георгиевский, М. С. Куторга и др. — СПб.: Общество классической филологии и педагогики, 1885. — С. 259.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў правінцыі Катандзара
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 487 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў 583 годзе
Катэгорыя·Лацінамоўныя пісьменнікі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў правінцыі Катандзара