wd wp Пошук:

Карэйцы

Карэйцы (кар.: 한국 사람, 조선 사람, 고려 사람) — асноўнае насельніцтва Карэйскага паўвострава. Размаўляюць на карэйскай мове. Існуе меркаванне, што насельніцтва Карэі — адно з найбольш аднастайных з этнічнага і моўнага пункту гледжання. Агульная колькасць карэйцаў у свеце — больш за 82,5 мільёны чалавек, з іх асноўная частка пражывае ў Рэспубліцы Карэя і КНДР. Найбольшыя карэйскія дыяспары існуюць у ЗША (больш за 2,6 млн чал., асноўныя гарады — Нью-Ёрк, Лос-Анжэлес, Чыкага, Х’юстан), Кітаі (амаль 2,5 млн чал., значная частка пражывае ў паўночных раёнах краіны), Японіі (амаль 1 млн чал., 40 % усіх жыхароў Японіі, што не належаць да тытульнай нацыі паводле паходжання).

Паводле антрапалагічнага тыпу належаць да ўсходнеазіяцкай галіны мангалоіднай расы. Шмат якія з пытанняў этнагенезу карэйцаў на сённяшні дзень застаюцца невысветленымі. Відавочна, у іх фарміраванні прымалі ўдзел этнічныя групы рознага паходжання, прычым вядучая роля належала групам, што гаварылі на протаалтайскай мове.

Сярод карэйцаў назіраецца нетыповая для іншых народаў аднастайнасць прозвішчаў — ва ўсёй папуляцыі ў актыўным ужытку прыблізна 250 прозвішчаў, этымалагічна звязаных з нацыянальнай гісторыяй і геаграфіяй. Большасць носьбітаў аднаго і таго ж прозвішча не з’яўляюцца крэўнымі сваякамі, але могуць належаць да аднаго і таго ж клану, ля вытокаў якога — агульны продак. Карэйскае імя звычайна двухскладовае, прозвішча — аднаскладовае. Жанчына, выходзячы замуж, пакідае сабе дзявочае прозвішча.

Асноўныя рэлігіі — вучэнне Канфуцыя, будызм, хрысціянства, шаманізм. Раней на Карэйскім паўвостраве панаваў будызм, але ў XIV стагоддзі ён страціў значэнне афіцыйнай рэлігіі. Вялікая колькасць карэйцаў, якія жывуць у КНДР, прытрымліваюцца атэістычных поглядаў.

Зноскі

  1. Вынікі перапісу насельніцтва Казахстана 2009 г.
Тэмы гэтай старонкі (7):
Карэя
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Народы Паўднёвай Карэі
Народы КНДР
Народы Кітая
Народы і нацыянальнасці паводле алфавіта
Вікіпедыя:Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу