wd wp Пошук:

Капэла Перуцы

Капэла Перу́цы (італ.: Cappella Peruzzi) — капэла царквы Санта-Крочэ (Святога Крыжа) у Фларэнцыі, якая знакамітая фрэскамі пэндзля Джота.

Гісторыя

Капліца была створана па фундацыі багатай сем’і купцоў Перуцы ў гатычным стылі. Гэта другая капліца ў царкве Санта-Крочэ, размешчаная справа ад уваходу. Роспісы былі выкананы выдатным мастаком Джота ў перыяд, калі той вярнуўся з горада Падуя, дзе стварыў фрэскі ў капэле Скравеньі.

Царква Санта-Крочэ выкарыстоўвалася па сваім прызначэнні і стала своеасаблівым пантэонам славутых сыноў Фларэнцыі. Менавіта тут пахаваны Мікеланджэла, Галілей, Энрыка Фермі. Сваё пахаванне было і ў капліцы Перуцы, дзеля якога былі збіты фрэскі ў ніжняй частцы памяшкання. У 1714 старыя і не каштоўныя (паводле меркавання тагачасных вернікаў) фрэскі 14 стагоддзі былі забелены.

Роспісы былі схаваны пад пабелам больш як 100 гадоў. Іх расчысцілі ў 1840 і трохі адрэстаўравалі на хвалі росту цікавасці да нацыянальнага культурнага здабытку.

Роспісы

Царква першапачаткова мела чатыры капліцы з роспісамі Джота, але да XX стагоддзя дайшло ўсяго дзве, капліца Перуцы і капліца Бардзі.

У капліцы Перуцы прадстаўлены сцэны жыцця Св. Яна Багаслова і Яна Хрысціцеля. Гэта шэсць фрэсак на бакавых сцэнах і чатыры вузкія фрызы.

Сцэны з жыцця Яна Хрысціцеля

Сцэны з жыцця Яна Багаслова

Роспіс капэлы Перуцы, якая паказвае сцэны з жыцця Яна Хрысціцеля і Яна Евангеліста, выканана амаль выключна ў тэхніцы альсека, таму дрэнна захавалася, але, нягледзячы на гэта, яна і сёння яшчэ дэманструе росквіт творчых сіл мастака. Бедныя стылістычныя звесткі, якія дазваляе атрымаць сучасны стан фрэсак, цалкам адносяцца да кампаноўкі эпізодаў, незвычайна манументальных па сваёй пабудове, як і роспісы Джота ў Ніжняй царкве ў Асізі. Шырокія паверхні сцен дазволілі тут выкарыстоўваць больш складаныя спалучэнні фігур, чым у падуанскіх фрэсках. Прастора гэтых карцін больш глыбокая і прасторная, у іх нібыта больш паветра[1].

Стрыманасць, экспрэсіўная драматычная выразнасць выяў адзначаюць далейшае развіццё мастацкіх тэндэнцый фрэсак капэлы Дэль Арэна. Колеры тут глыбейшых тонаў і мякчэйшыя за падуанскія фрэскі. Прапорцыі фігур і архітэктуры больш рэалістычныя. Намаляваныя з вялікім размахам, буйнамаштабныя фігуры рухаюцца свабодна, у больш разнастайных суадносінах з архітэктурай і прасторай. Сувязь паміж фігурамі і архітэктурай праведзена вельмі абдумана[1].

З выяў меншага памеру цікавасць уяўляюць некаторыя галоўкі ў шасцівугольных абрамленнях, магчыма, члены сям’і Перуцы, настолькі яны індывідуалізаваны па сваім абліччы. У такім разе гэта былі б першыя самастойныя партрэты ў італьянскім жывапісе[1].

Яна Багаслоў з працягнутай рукой у жэсце блаславення, якім ён уваскрашае Друзіяну

Адзіны ва ўсёй капэле добра захаваны фрагмент — выява рукі Яна Багаслова, працягнутай у жэсце блаславення, якім ён уваскрашае Друзіяну. Нажаль, цыкл Перуцы неаднаразова перапісваўся аж да нядаўняга часу. Пасля апошняй рэстаўрацыі ён уяўляе сабой нешта да такой ступені прывіднае, што гэта не дазваляе нават растлумачвае яго значэнне ў мастацкай эвалюцыі Джота і ў гісторыі італьянскага жывапісу трэчэнта[1].

Адсутнасць музеяў і мастацкіх школ у тагачаснай Італіі было кампенсавана наяўнасцю значных мастацкіх збораў у цэрквах і манастырах. Менавіта сюды ахвотна хадзілі будучыя мастакі для азнаямлення з шэдэўрамі і ўдасканалення ўласнага майстэрства. Такім месцам была і капліца Перуцы. Захаваліся сведчанні пра капіраванне фрэсак капліцы мастаком Мазача. Малюнкі-копіі фігур Джота з фрэскі «Узнясенне Св. Яна Багаслова», якія захаваліся да 21 стагоддзя, самі сталі шэдэўрамі, таму што былі створаны Мікеланджэла Буанароці.

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Фрэскі капэлы Перуцы царквы Санта-Крочэ ў Фларэнцыі (1320-1325) (руск.)

Крыніцы

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Храмы Фларэнцыі
Катэгорыя·Храмы паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Збудаванні Фларэнцыі ў гатычным стылі
Катэгорыя·Славутасці Фларэнцыі
Катэгорыя·Мастацтва Італіі
Катэгорыя·Капліцы Італіі