У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Уладзіміраў.
Канстанцін Рыгоравіч Уладзіміраў (1899, г. Рослаўль — 18 ліпеня 1941) — удзельнік абароны Магілёва ў 1941 годзе[1].
У Чырвонай Арміі з 1918 года, удзельнік грамадзянскай вайны. З 1923 у органах міліцыі[1]. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны начальнік аддзела службы і баявой падрыхтоўкі Магілёўскага абласнога ўпраўлення міліцыі, капітан.
Пры падыходзе нямецка-фашысцкіх захопнікаў да Магілёва капітан Уладзіміраў узначаліў батальён міліцыі з добраахвотнікаў (250 камуністаў і камсамольцаў), які 12-18 ліпеня 1941 года каля в. Пашкава і Гаі прыкрываў подступы да чыгуначнага вузла[1]. Калі сілы былі на зыходзе, паранены К. Р. Уладзіміраў падняў астатніх байцоў батальёна ў атаку. Загінуў у гэтым баі.
Пахаваны ў вёсцы Гаі Магілёўскага раёна ў брацкай магіле байцоў батальёна міліцыі.
Яго імем названа вуліца ў Магілёве. У гонар батальёна міліцыі, у якім ваяваў Уладзіміраў, у в. Гаі ў ліпені 1980 адкрыты мемарыяльны комплекс[1].
Пасмяротна узнагароджаны ордэнам Леніна.