Казак Мамай (укр.: Козак Мамай) ― народная карціна, на якой намаляваны казацкі бандурыст[1], адзін з самых распаўсюджаных народных герояў ва Украіне. Карціна створана паводле традыцыйнай схемы ― у яе цэнтры сядзіць казак з бандурай. Выявы пазнейшага часу ўсё часцей адхіляюцца ад арыгінальных аднафігурных кампазіцый, але традыцыйная поза галоўнага героя на іх застаецца нязменнай. Даследчыкі выводзяць гэтую позу з усходняй іканаграфіі, паказваючы на яе падабенства з мастацкімі ўзорамі скіфскіх часоў і нават больш старажытнымі. Схема карціны не мяняецца, а толькі дапаўняецца пабочнымі сюжэтамі альбо персанажамі (гэта, на думку даследчыкаў, сведчыць пра старажытнасць аднафігурнай кампазіцыі)[1].