Зю́зя — персанаж беларускай міфалогіі, вядомы месцамі і на Украінскім Палессі, і каляндарных абрадаў, міфічная істота, якая ўвасабляла зімовую сцюжу.
Уяўляўся сівым тоўстым дзедам, нізкага росту, з доўгай барадой, босым, у белым футры, без шапкі, з жалезнай булавой. Валасы і доўгая барада пакрытыя інеем або замест вусоў і барады долу спускаліся саплі[1]. На Палессі ўяўлялі як лысага барадатага дзеда, які ў расхрыстаным кажусе, босым хадзіў па снезе[2].
Верылі, што большую частку зімы Зюзя праводзіць у лесе, але часам наведвае вёскі, прыносіць туды моцную сцюжу. Раззлаваны, Зюзя б’е булавой па пні, і тады пачынаецца траскучы мароз.
На Каляды яму пакідалі частку куцці («Зюзя на дварэ — куцця на стале»), каб не быў такім лютым, а часцей гаспадар кідаў за акно першую лыжку кашы, прыгаворваючы: «Мароз, хадзі куццю есці!»
Семантыка слова «Зюзя» паходзіць ад дзеяслова «зюзець» — мерзнуць, калець ад марозу[3]. Увасабляе сабой зімовую сцюжу, а таксама каляндарны перыяд ад Калядаў да вясновага раўнадзенства[4]. Павел Шпілеўскі беспадстаўна азначаў Зюзю як бога зімы ў беларускай міфалогіі (гл. Кабінетныя багі і духі беларускай міфалогіі). Паводле паданняў, Зюзя ўяўляецца як дзед з доўгай барадой, які жыве ў лесе, ходзіць басанож, без капелюшу, у белым расхрыстаным кажусе. У руцэ трымае вялікую жалезную булаву — доўбню. Ад яго подыху ўздымаецца завіруха і мяцеліца.
«Як зюзя», верагодна, дастасоўвалася да п’яніц з-за падабенства іх чырвоных насоў да чырвонага носа Зюзі
Па-палеску «зюзя» азначае холад, мароз.