У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем Зыгмунт Скірмунт. Зыгмунт Скірмунт (1863—1926) — землеўласнік.
Паходзіў са шляхецкага роду Скірмунтаў герба «Дуб». Нарадзіўся ў Жэневе ў сям’і Зыгмунта Скірмунта (1839—1863), доктара філасофіі Гайдэльбергскага ўніверсітэта, і Яўгеніі з Савіцкіх. Бацька памёр у тым жа годзе ў Жэневе. Маці разам са сваім другім мужам Лявонам Сулістроўскім апынулася ў ссылцы за ўдзел у паўстанні 1863—1864 гг.[1]
Зыгмунт рос у Пінску пад апекай дзядзькі Генрыха з Моладава. У 1873 г. ад дзеда Аляксандра Скірмунта да непаўналетняга Зыгмунта перайшла сядзіба ў Альбрэхтаве[pl][1].
У час рэвалюцыйных падзей 1905 года, у пачатку лістапада сяляне в. Пінкавічы Пінскага павета запатрабавалі ад гаспадара маёнтка Альбрэхтова Зыгмунта Скірмунта перадаць ім у поўнае карыстанне азёры і балоты з правам рыбнай лоўлі, збору камыша ды інш., а таксама саступіць выган для ската (77 га), якім карысталіся на правах сервітута. Сяляне былі ўпэўнены, што памешчык незаконна валодае дзвюма азёрамі і выганам, бо ўсё гэта калісьці было сялянскім. Вядома, што ў гэтых хваляваннях удзельнічаў настаўнік Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас) (1882—1956). Менавіта ён угаварыў сялян не ісці ўсёй вёскай да памешчыка, а паслаць прадстаўнікоў. Тыя вярнуліся ні з чым, бо Скірмунт нават не стаў іх слухаць. Пасля гэтага Канстанцін Міцкевіч склаў петыцыю, якую падпісалі 69 чалавек. Яе аднеслі ў Альбрэхтова. Не дачакаўшыся адказу, сяляне пачалі самавольна лавіць рыбу. У выніку паліцыя арыштавала двух сялянскіх «агітатараў», а настаўніка кіраўніцтва школ народнай асветы перавяло на працу ў Ігуменскі павет[2].
У 1888 г. ажаніўся з Марыяй Жалтоўскай, сястрой знакамітага архітэктара Івана Жалтоўскага[1]. Меў дзяцей:
Зыгмунт Скірмунт паслужыў правобразам пана Скірмунта — персанажа трылогіі Якуба Коласа «На ростанях». Гэта яму быў адрасаваны ліст пінкавіцкіх сялян, складзены настаўнікам Лабановічам (Канстанцінам Міцкевічам)[1].