wd wp Пошук:

Заручаўская слабада

Заручаўская слабада — помнік археалогіі Віцебска. Знаходзіцца на паўднёвы ўсход ад Ніжняга замка, паміж вуліц імя газеты «Правда», Гогаля, Калініна, злева ад былога Гапеева ручая, які ўпадаў у Заходнюю Дзвіну. З’яўлялася пасадам Віцебска 12—17 стагоддзяў. Плошча 10 га. Гісторык А. П. Сапуноў адзначаў на аснове пісьмовых крыніц наяўнасць ва ўсходняй, больш высокай частцы Заручаўя курганнага некропаля — «валатовак» побач з Святадухаўскай царквой (пабудавана ў 14 ст.). Гэта частка, паводле назіранняў краязнаўцаў-гісторыкаў 19 ст., засялілася не раней 18 ст. Заходні, больш нізкі ўчастак Заручаўя быў заселены яшчэ ў эпоху Сярэднявечча. У 16 ст. тут знаходзілася «кажамяцкая» царква, якая належала гарбарам. Уздоўж Заходняй Дзвіны праходзіла вуліца Вялікая, якая злучала Ніжні замак з Заручаўем. Шурфоўка, праведзеная В. М. Ляўко ў 1981 г., пацвердзіла адсутнасць культурнага пласта ва ўсходняй частцы Заручаўя. Гэта падмацоўваецца матэрыяламі геалагічнага свідравання і археалагічнымі назіраннямі ў час будаўніцтва. Тут выяўлены толькі фундаменты жаночага манастыра 19 ст. і рэшткі керамікі гэтага часу.

Шурфы і раскопы агульнай плошчай каля 150 м² былі закладзены ў заходняй частцы Заручаўя ўздоўж ракі Заходняя Дзвіна на тэрыторыі скве­ра каля вуліцы Калініна. Культурны пласт 0,5—2 м. Магутнасць яго павялічваецца на поўдзень ад Ніжняга замка. Тут знойдзена кераміка і шыферныя прасліцы 12 ст. Каля Ніжняга замка культурны пласт датуецца 1618 стагоддзямі. Рэчы з Заручаўя ідэнтычныя знаходкам Задунаўскай слабады і дазваляюць меркаваць, што на гэтым месцы ў старажытны час існавала сельскае паселішча, якое ў эпоху феадалізму стала пасадам Віцебска.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Гісторыя Віцебска
Катэгорыя·Археалагічныя аб’екты ў Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Археалагічныя аб’екты Віцебскага раёна