wd wp Пошук:

Загрузка аперацыйнай сістэмы

У дачыненні да камп’ютараў, загрузка аперацыйнай сістэмы — гэта працэс запуску аперацыйнай сістэмы пасля уключэння камп’ютара. Загрузачная паслядоўнасць — гэта шэраг аперацый, якія выконвае камп’ютар пасля уключэння, каб загрузіць аперацыйную сістэму.

Загрузчык аперацыйнай сістэмы

Галоўны артыкул: Загрузчык аперацыйнай сістэмы.

Большасць камп’ютарных сістэмаў можа выконваць толькі код, які знаходзіцца ў памяці (пастаяннай альбо аператыўнай). Сучасныя аперацыйныя сістэмы захоўваюцца на жорсткім дыску, значна радзей - на загрузачным КД ці флэш-дыску. Адразу пасля уключэння сілкавання камп’ютар не мае аперацыйнай сістэмы ў сваёй аператыўнай памяці. Камп’ютарнае абсталявання не можа само выконваць такія складаныя аперацыі, як загрузка праграмы з дыску. Такім чынам, атрымліваецца парадокс: каб загрузіць аперацыйную сістэму ў памяць, патрэбная ўжо загружаная аперацыйная сістэма.

Выйсцем з гэтай сітуацыі з’яўляецца выкарыстанне адмысловай невялічкай праграмы, называемай загрузчык аперацыйнай сістэмы (англ.: boot loader). Яго адзіная задача - загрузка іншай праграмы для запуску аперацыйнай сістэмы. Звычайна загрузчык складаецца з некалькіх частак нарастаючай складанасці, якія выклікаюць адна другую, а апошняя - запускае аперацыйную сістэму. Англамоўная назва — bootstrap — параўноўвае працэс з выцягваннем самаго сябе за шнуркі ад ботаў.

Гісторыя

Раннія камп’ютары мелі рад пераключальнікаў на пярэдняй панэлі, што дазваляла аператару ўводзіць інструкцыю загрузкі ў двайковым выглядзе ў памяць камп’ютара непасрэдна перад перадачай кіравання цэнтральнаму працэсару. Згодна з інструкцыяй загрузкі працэсар загружаў аперацыйную сістэму ў памяць са знешняга носніка, такога як папяровая лента, перфакарта ці дыскавод.

Сучасныя камп’ютары звычайна утрымліваюць код, падобны згаданай інструкцыі загрузкі, ў пастаяннай памяці.

Загрузачная паслядоўнасць

Адразу пасля ўключэння сілкавання, цэнтральны працэсар IBM-PC-сумяшчальнага персанальнага камп’ютара выконвае інструкцыю BIOS, што знаходзіцца ў памяці па адрасе F000:FFF0 (для 286 і 386SX працэсараў, адрас гэтага сегмента коду будзе 0xFF0000, і 0xFFFF0000 для 386-х). Гэты адрас знаходзіцца блізка да верхняй мяжы сістэмнай памяці, і ўтрымлівае інструкцыі пераходу, якія перадаюць выкананне праграме старту BIOS. Гэтая праграма выконвае тэст-па-ўключэнні (power-on self test, POST) каб праверыць, што абсталяванне працуе нармальна, а таксама ініцыялізуе яго. Потым BIOS пераходзіць да спісу загружальных прыстасаванняў. Калі BIOS знаходзіць працуючае загружальнае прыстасаванне, то чытае і выконвае змесціва загрузачнага сектара.

Існуюць і іншыя тыпы загрузачных паслядоўнасцяў, сярод якіх можна адзначыць IPL (Initial Program Load) мэйнфрэймаў IBM System/360.

Загружальныя прыстасаванні

Базавая сістэма ўводу-вываду (BIOS) сучасных персанальных камп’ютараў падтрымлівае загрузку з розных прыладаў. Гэта жорсткія дыскі (і падзелы на жорсткіх дысках), гнуткія дыскі, аптычныя дыскі, прылады SCSI, прывады Zip, LS-120, сеткавыя карты з ужываннем інтэрфейсу PXE, і USB-прылады.

Звычайна BIOS дазваляе карыстальніку задаваць парадак загрузкі. Напрыклад, калі прывад аптычных дыскаў пазначаны як першае загружальная прылада, а жорсткі дыск - як другая, BIOS спачатку паспрабуе выканаць загрузку з аптычнага прываду, а калі спроба не атрымаецца (напрыклад, адсутнічае дыск у прывадзе), будзе выконваць загрузку з жорсткага дыску.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Загрузка аперацыйнай сістэмы
Катэгорыя·BIOS