Другая кніга Макавеяў у праваслаўі і каталіцызме ўваходзіць у склад Старога Запавету, але адсутнічае ў Яўрэйскай Бібліі (Танаху) і не ўваходзіць у Стары Запавет у пратэстантызме[1]. У Рускай праваслаўнай царкве і каталіцызме адносіцца да другакананічных кніг, у іўдаізме і пратэстантызме — да апокрыфаў.
Другая кананічная кніга Макавеяў не працяг першай кнігі, а толькі больш падрабязнае, пашыранае апісанне некаторых падзей часоў Іуды Макавея. Першыя два раздзелы змяшчаюць два пасланні палесцінскіх іўдзеяў да аднаверцаў у Егіпце, у якіх яны паведамляюць аб перанесеных імі ганеннях і пакутах ад Антыёха IV і аб выратаванні іх ад ворагаў подзвігамі Іуды Макавея. Далей паведамляецца пра крывавыя міжусобіцы шэрагу іўдзейскіх першасвяшчэннікаў і падаецца малюнак жахлівай лютасці сірыйскага цара да іўдзеяў. У канцы прыводзяцца прыклады высокай маральна-рэлігійнай доблесці і самаадданасці веравызнанню сваіх бацькоў. Прымаючы пад увагу, што арыгінал гэтай кнігі дайшоў на грэчаскай мове, можна меркаваць, што яе аўтарам быў іўдзей, які паходзіў з элінізаванай егіпецкай Александрыі.[2]