wd wp Пошук:

Дамачаўскі строй

Дамачаўскі строй. Святочныя ўборы дзяўчат і маладых жанчын. Чэрск. Брэсцкага раёна. 1910-я гады

Дамачаўскі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення ў Заходнім Палессі. Бытаваў у ваколіцах г. п. Дамачава, на паўднёвым захадзе Брэсцкага і Маларыцкага раёнаў (уздоўж р. Буг), на тэрыторыі Польшчы (ваколіцы г. Уладава) і ў паўднёва-заходніх раёнах Валынскай вобласці.

Жаночае адзенне

Жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы — рабака, фартуха, гарсэта. Кашуля мела шырокі (12-15 см) адкладны каўнер, вышыты па краях. Аздаблялася малінавым з украпаннямі чорнага арнаментам гладкіх пункцірных палос на плечавой устаўцы, верхняй і ніжняй частках рукава. Ніжні ўзорысты шляк рукава дамінаваў пад верхнімі палосамі арнаментам зорак, крыжыкаў, зігзагаў і інш. Спадніцу і фартух (1-полкавы) шылі з аднолькавай па якасці і каларыстычна-арнаментальным вырашэнні даматканай паўшарсцяной ці льняной тканіны, прасавалі ў буйныя складкі. Усё поле спадніцы запаўнялі чырвоныя, зялёныя, белыя, блакітныя, чорныя падоўжныя ці папярочныя палосы. Неад’емнай часткай касцюма дзяцей, дзяўчат і падлеткаў быў гарсэт (гарсэт-безрукаўка і гарсэт з рукавамі — кабат). Жаночыя гарсэты шылі з блакітнай тонкай шэрсці фабрычнага вырабу, спераду багата аздаблялі разнаколернымі тасёмкамі, стужкамі, гузікамі, дэкаратыўнай строчкай. Прасцей былі гарсэты з валенага (лямцаванага) даматканага цёмна-карычневага сукна. Галаўны ўбор замужніх жанчын — чырвоны каптур (з бакавымі вушкамі і зубцом над ілбом), бачны край якога аздаблялі карункамі, залацістай тасьмой. Паверх каптура накладалі згорнутую ў валік накрухмаленую пярэстую крамную хустку.

Мужчынскае адзенне

Мужчыны насілі белую кашулю з стаяча-адкладным накрухмаленым каўняром, падперазаную вузкім тканым поясам, карычнева — шэрыя нагавіцы і гарсэт з рукавамі ці без рукавоў (аздаблялі вітым ці плеценым коскай разнаколерным шнуром і тасьмой). На галаву надзявалі саламяныя капелюшы з чорнай стужкай.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Заходняе Палессе
Катэгорыя·Культура Маларыцкага раёна
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Гісторыя Маларыцкага раёна
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Дамачава
Катэгорыя·Гісторыя Брэсцкага раёна
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Культура Брэсцкага раёна
Катэгорыя·Этнаграфія Беларусі
Катэгорыя·Адзенне
Катэгорыя·Беларускі касцюм