У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Грудзі. Грудзі ці то́ракс (лац.: thorax) — назва аддзела, які вылучаецца ў целе шматлікіх сегментаваных беспазваночных.
Сярод членістаногіх грудны аддзел вылучаюць у ракападобных, насякомых і трылабітаў.[1] У розных групах у склад гэтага аддзела цела ў палаваспелых стадый уваходзіць розная колькасць сегментаў. У шматлікіх ракападобных з непрамым развіццём колькасць грудных сегментаў павялічваецца падчас лічынкавага развіцця. Як відаць, падобныя антагенетычныя змены характарызавалі і шматлікіх трылабітаў.[1] Звычайна ўсе сегменты грудзей нясуць канечнасці. Выключэнні складаюць толькі паразітычныя формы і некаторыя кароткажывучыя крылатыя стадыі насякомых.
Грудзі насякомых размяшчаецца паміж галавой і брушкам. У яе склад уваходзяць тры сегменты, званыя адпаведна пярэднягрудзьмі (лац.: prothorax), сярэднягрудзьмі (лац.: mesothorax) і заднегрудзьмі (лац.: metathorax).[1][2] Сярэднягрудзі і заднягрудзі ў крылатых стадый нясуць крылы — вырасты іх тэргітаў (спінных сценак);[2] гэтыя два сегменты аб’ядноўваюць пад назвай pterothorax (ад грэч.: πτέρυξ — крыло).
У перапончатакрылых насякомых з падатрада сцеблабрухіх, да якіх адносяцца мурашкі і восы, з груднымі сегментамі зліваецца першы сегмент брушка (прападэўм).[3]. Аддзел цела, які ў выніку ўтвараецца, не гамалагічны грудзі іншых насякомых, у сувязі з чым для яго абазначэння выкарыстоўваюць іншыя тэрміны: мезасома (лац.: mesosoma) і alitrunk.[3] Апошняя назва выкарыстоўваецца, галоўным чынам, для мурашак.
У многашчацінкавых чарвей з гетэраномнай сегментацыяй тораксам завуць пярэдні аддзел цела.[4]