wd wp Пошук:

Глускі замак

Глускі замак — драўлянае абарончае і адміністрацыйнае збудаванне XVIXVІI ст. на беразе Пцічы, у 2-й палове XVІI ст. перабудаванае ў бастыённы замак.

Драўляны замак

У пачатку XVI ст. князь Юрый Гальшанскі-Дубровіцкі, які сабраў у сваёй уласнасці землі Глускай воласці, пабудаваў драўляны замак. Замак стаў цэнтрам новаўтворанага мястэчка Глуск-Дубровіцкі (цяпер Глуск). Умацаванні былі закладзены на месцы гарадзішча часоў Старажытнай Русі. Сістэма абароны асноўвалася на драўляна-земляных фартыфікацыях – вакол замак быў абведзены ровам і земляным валам, на якім стаялі сцены-гародні з бланкаваннем. Замак меў дзве драўляныя вежы, вежу-браму, а таксама невялікую фортку ў бок р. Пцічы.

Пасля смерці сына князя Юрыя – князя Сямёна Юр’евіча, у 1558 годзе, замак да 1626 года быў падзелены паміж нашчадкамі. Урэшце, мястэчка Глуск з замкам цалкам перайшло да князя Канстанціна Аляксандравіча Палубінскага, а пасля 1646 года яго сыну князю Аляксандру Гілярыю. Падчас вайны 1654—1667 гадоў драўляны замак быў у сакавіку 1655 года спалены казакамі.

Бастыённая фартэцыя

Фрагмент паліхромнай кафлі з выявай герба князёў Палубінскіх з Глускага замка. XVI - XVII ст.
Паўночна-заходняя курціна фартэцыі, 2008
Рэшткі паўднёвага землянога бастыёна і археалагічныя раскопкі на яго тэрыторыі, 2008

Пасля спалення Глуска казакамі соймам Рэчы Паспалітай яму былі нададзены падатковыя льготы. У сваю чаргу Аляксандр Палубінскі пачаў узвядзенне на месцы былога драўлянага замка магутнай бастыённай фартэцыі. Паводле прывілея 1667 года на тэрыторыі фартэцыі было выдзелена месца для касцёла, кляштару і саду манахаў бернардзінцаў.

Сам бастыённы замак мог быць узведзены паміж 16701675 гадамі. Фартэцыя была збудавана ў традыцыях распаўсюджанай на той час у Рэчы Паспалітай старагаландскай школы фартыфікацыі: пяцігранны па форме ўнутраны двор акольвалі насыпаныя з пяску і гліны курціны і бастыёны. Яны ўзвышаліся на ўзровень 5—7 метраў над дваром і прыкрывалі абаронцаў ад артылерыйскага абстрэлу. З боку мястэчка ў курціне бліжэй да паўднёвага бастыёна была збудавана трохпавярховая мураваная вежа-брама, якая запіралася, акрамя варот з двух абабітых жалезам палотнішчаў, таксама каванымі герсамі і пад’ёмным мастом-узводам. Унутры замка знаходзіліся розныя гаспадарчыя і жылыя памяшканні, а таксама цэйхгаўз збудаваны ў тэхніцы «прускага муру» і комплекс мураваных касцёла і кляштару бернардзінцаў. З боку Пцічы ў фартэцыю можна было патрапіць праз двухпавярховую Водную браму.

У 1690 годзе пасля смерці дачкі Аляксандра Палубінскага Ганны Марыі Глуск і бастыённы замак пераходзяць у валоданне да яе мужа Дамініка з нясвіжскіх Радзівілаў. Яго ўнук Альбрыхт Радзівіл (17171791) адзіны з Радзівілаў абраў Глуск для сталага пражывання. У 1784 годзе ён праз суд спрабаваў аспрэчыць права манахаў-бернардзінцаў на зямлю на тэрыторыі замка.

Пасля XVIII ст. фартыфікацыя прыйшла ў заняпад.

Сучасны стан

У 1944 годзе на тэрыторыі замка быў узарваны бернардзінскі касцёл. Значныя пашкоджанні нанеслі будаўнічыя працы 1970-ых гадоў.

Ахоўная шыльдачка

У 1988 на Глускай фартэцыі пачаліся археалагічныя раскопкі пад кіраўніцтвам Г. Сагановіча. У гэты ж час па ініцыятыве мясцовых уладаў на яго тэрыторыі пачалося будаўніцтва спартыўнага комплексу ўключна са стадыёнам і крытым фізкультурна-аздараўленчым комплексам, што прывяло да значнага пашкоджання помніка. Пачынаючы з 1996 г. ініцыятыва ў даследаванні Глускага замка перайшла да археолага І. Ганецкай, якая планамерна займаецца вывучэннем гісторыі Глускага замка да сённяшняга часу.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Славутасці Глускага раёна
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Бастыённыя замкі Беларусі
Катэгорыя·Глуск
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Замкі Беларусі
Катэгорыя·Замкі паводле алфавіта
Катэгорыя·Замкі Вялікага Княства Літоўскага