Гле́йнік (Rhantus) — род жукоў падсямейства Colymbetinae сямейства Плывунцы (Dytiscidae). Галарктычны род, налічваючы 82[1] (каля 100[2]) відаў.
Цела жукоў авальнае, пукатае зверху, даўжынёй 8,5—16[3] (10—11[2]) мм. Колер іржава-жоўты, з мноствам дробных чорных кропак. Заднія ногі доўгія, пляскатыя, пярэднія і сярэднія — карацейшыя. Лётныя крылы добра развітыя, празрыстыя або дымчатага колеру.
Глейнікі распаўсюджаны на тэрыторыі Еўразіі і Паўночнай Амерыкі, у тым ліку ў арктычнай зоне. Жывуць у мелкаводных непраточных вадаёмах, лужынах. Зімуюць у дарослым стане. Драпежнікі. Кормяцца воднымі і трапіўшымі ў ваду наземнымі беспазваночнымі і іх рэшткамі. Лічынкі глейнікаў кормяцца выключна жывымі беспазваночнымі.