wd wp Пошук:

Гедвіга Сафія Шведская

Гедвіга Сафія Аўгуста Шведская або Сафія (шведск.: Hedvig Sofia Augusta av Sverige; 26 чэрвеня 1681 — 22 снежня 1708) — шведская прынцэса і герцагіня-кансорт Гольштэйн-Готарпская, старэйшае дзіця караля Швецыі Карла XI і яго жонкі каралевы Ульрыкі Элеаноры. Была рэгенткай герцагства Гольштэйн-Готарпскага пры сваім непаўналетнім сыне з 1702 па 1708 гг., а таксама адной са спадчынніц шведскага прастола.

Біяграфія

Пасля смерці маці Сафія і яе брат Карл і сястра Ульрыка Элеанора былі аддадзены пад апеку бабулі, Гедвізе Элеаноры Гольштэйн-Готарпскай, пад уплывам якой у дзяцей сфарміраваліся анты-дацкія погляды. 12 мая 1698 года ў Карлбергу Сафія выйшла замуж за свайго стрыечнага брата, Фрыдрыха IV, герцага Гольштэйн-Готарпскага. Яе шлюб быў арганізаваны як частка традыцыйнай шведскай палітыкі саюза Гольштэйн-Готарпаў супраць Даніі, яе брат павінен быў ажаніцца з сястрой Фрыдрыха, але ён адмовіўся. Шлюб адбыўся без яе згоды і не быў шчаслівы.

Да пачатку Вялікай Паўночнай вайны 1700 года Сафія правяла большую частку жыцця ў Швецыі пры двары свайго брата. У 1699 годзе яна з’ехала ва ўладанні герцага Гольштэйн-Готарпскага, дзе заставалася каля года, але ў 1700 годзе вярнулася ў Швецыю і 30 красавіка нарадзіла сына, Карла-Фрыдрыха.

У 1702 годзе Сафія заўдавела і стала рэгенткай пры малалетнім сыне. Тым не менш, большую частку часу яна знаходзілася ў Швецыі, спрабуючы дамагчыся прызнання правоў яе сына атрымаць у спадчыну шведскі трон на той падставе, што яна была старэйшай дачкой і другой ў чарзе на прастол, а яе брат Карл XII не меў нашчадства. Кіраваннем герцагства ў яе адсутнасць займаўся Хрысціян Аўгуст Гольштэйн-Готарпскі, малодшы брат яе памерлага мужа. Справы, якія мелі дзяржаўнае значэнне, вырашаліся толькі пры яе ўдзеле.

Пасля смерці мужа яна зноў стала аб’ектам планаў па арганізацыі палітычнага шлюбнага саюза. Сярод прэтэндэнтаў на яе руку быў і спадчыннік брытанскага прастола, прынц Георг Гановерскі, але Сафія адказала адмовай. На той момант у яе быў раман з маладым шведскім дваранінам Олафам Гіленбаргам. Іх адносіны не былі сакрэтам пры шведскім двары, аднак не ўхваляліся бабуляй герцагіні, Гедвігай Элеанорай.

Гедвіга Сафія сканала ад воспы 22 снежня 1708 года ва ўзросце дваццаці сямі гадоў. Яе брат Карл, большая частка жыцця якога прайшла па-за межамі краіны ў ваенных паходах, вёў з сястрой працяглую перапіску і быў вельмі засмучаны, даведаўшыся пра яе смерці. Калі ён памёр у 1718 годзе, не пакінуўшы спадчыннікаў мужчынскага пола, адзінае дзіця Сафіі, герцаг Карл Фрыдрых, павінен быў стаць яго пераемнікам, аднак улада перайшла да малодшай сястры памерлага караля, Ульрыкі Элеаноры, а пазней — да яе мужа Фрыдрыха Гесэн-Касельскага.

Гедвіга Сафія даводзілася бабуляй расійскаму імператару Пятру III.

Зноскі

  1. 1 2 Hedvig Sofia — 1917.
  2. Lundy D. R. Hedwig Sophie von Holstein-Gottorp // The Peerage Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Olsson M. Riddarholmskyrkan - inventories and graves — 1937. — С. 455. Праверана 3 сакавіка 2019.
  4. (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Пфальц-Цвейбрукенская дынастыя
Катэгорыя·Памерлі ў Стакгольме
Катэгорыя·Памерлі 12 снежня
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Род Вітэльсбахаў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў камуне Стакгольм
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Стакгольме
Катэгорыя·Рэгенткі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1681 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся 26 чэрвеня
Катэгорыя·Пахаваныя ў Рыдархольмскай царкве
Катэгорыя·Прынцэсы Швецыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў 1708 годзе