wd wp Пошук:

Гардзіслава Святаслаўна

Гардзіслава Святаслаўна (у манастве Еўдакія; пасля 1110 — канец XII ст.) — сярэдневечная асветніца, дачка віцебскага князя Святаслава-Георгія Усяславіча; малодшая сястра Прадславы (Ефрасінні Полацкай), адна з яе бліжэйшых памочніц і прадаўжальніца спраў.

Біяграфія

Пра ранняе жыццё Гардзіславы нічога не вядома. Выбіраючы яе сабе ў паплечнікі, Ефрасіння Полацкая, мусіць, кіравалася тым, што Гардзіслава была дастаткова ўспрымальная, паслухмяная і мела здольнасці да навук, а паводзіны старэйшай сястры заўсёды былі для яе ўзорам высокай духоўнасці і самаахвярнага служэння Богу. Заснаваўшы паблізу Полацка Спасаўскі манастыр (не пазней 1128), Ефрасіння папрасіла бацьку прыслаць да яе сястру Гардзіславу для навучання грамаце. Як паведамляецца ў «Жыціі Ефрасінні Полацкай», ігумення «рупліва вучыла яе ратаванню душы, а тая рупліва ўспрымала, нібы ўрадлівая ніва, памякчыўшы сэрца сваё і кажучы гэтак: „Госпад Бог хай наставіць мяне на ратунак душы тваімі святымі малітвамі, панна“». Неўзабаве адбылося тайнае пастрыжэнне Гардзіславы ў манашкі і яна атрымала імя Еўдакія. Праз пэўны час ёй было даверана вядзенне ўсіх гаспадарчых спраў манастыра, і шмат гадоў гэта было асноўным яе абавязкам. Калі пад канец свайго жыцця Ефрасіння Полацкая вырашыла накіравацца ў паломніцтва ў Ерусалім, то яна, паводле «Жыція…», даручыла «ўладарыць і ладзіць сястры сваёй Еўдакіі абодва манастыры». Гэта было сведчаннем, што Гардзіслава ўзяла на свае плечы кіраўніцтва не толькі жаночым, але і мужчынскім манастыром, таксама заснаваным Ефрасінняй. Пасля смерці Ефрасінні, верагодна, Гардзіслава вяла яшчэ і летапісы. Гардзіслава-Еўдакія не толькі захоўвала ўсё, што было зроблена намаганнямі Ефрасінні, але і развівала, узбагачала яе пачынанні. Мяркуюць, што дарадчыкам новай ігуменні ў многіх пытаннях быў Кірыла Тураўскі, які стаў епіскапам у Тураве крыху раней, чым Еўдакія настаяцельніцай у Полацку. І калі існавала пастаяннае ліставанне паміж такімі буйнымі цэнтрамі культуры, якімі былі ў той час Тураўская епархія і полацкія манастыры, то, найбольш верагодна, яно вялося не паміж Кірылам Тураўскім і Ефрасінняй, як прынята лічыць, а паміж «тураўскім златавустам» і Еўдакіяй. Ёсць падставы сцвярджаць, што Гардзіслава была адной з першых, хто пачаў дамагацца кананізацыі Ефрасінні Полацкай.

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Ізяславічы Полацкія
Катэгорыя·Князёўны Русі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Ізяславічы Полацкія
Катэгорыя·Асобы, чыя дата нараджэння не вызначана
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Праваслаўныя манахі Беларусі
Катэгорыя·Жанчыны XII стагоддзя