wd wp Пошук:

Галіна Фёдараўна Скакун

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Скакун.

Галіна Фёдараўна Скакун (10 кастрычніка 1943, в. Барысы, Дамачаўскі раён, Брэсцкая вобласць — 25 сакавіка 2022, в. Барысы, Брэсцкі раён, Брэсцкая вобласць) — даярка, Герой Сацыялістычнай Працы (1988).

Біяграфія

Нарадзілася 10 кастрычніка 1943 года ў в. Барысы Падлужскага сельсавета Дамачаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Дачка Героя Сацыялістычнай Працы Лідзіі Іванаўны Асіюк (1920—1984).

У 1944 годзе страціла бацьку, які адмовіўся ісці на службу ў нямецкую дапаможную паліцыю, за што быў пасаджаны ў турму, захварэў на сухоты і неўзабаве памёр. З ранняга дзяцінства Галіна пачала далучацца да цяжкай сялянскай працы. Падчас вучобы ў мясцовай школе, яна пачала працоўную дзейнасць, дапамагала маці весці ўласную гаспадарку і працаваць у мясцовым калгасе імя Жданава (з 1989 года калгас «Беларусь»), ахвотна асвойвала нялёгкую прафесію даяркі. Нароўні з дарослымі працавала не толькі на малочнатаварнай ферме, але і на прыфермскім участку, дзе вырошчваліся кармавыя культуры.

Пасля заканчэння сярэдняй школы Галіна працягнула працаваць на ферме ў роднай вёсцы, а ў 1965 годзе пачала самастойна працаваць даяркай, пазней — аператарам машыннага даення. Ёй была даверана група з 16 першацёлак, адабраных з групы яе маці Л. І. Асіюк. Маладая даярка ўзяла абавязацельства надаіць ад кожнай з кароў па 4500 літраў малака. Гэтае абавязацельства было не толькі выканана, але і перавыканана. Першай узнагародай даяркі стаў медаль «За працоўную доблесць». Актыўна займаючыся самаадукацыяй і пастаянна працуючы над павышэннем прадуктыўнасці замацаванай за ёй групы кароў, да 1970-х гадоў яна паспяхова пераадолела пяцітысячную мяжу.

За поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскай гаспадаркі і выкананні заданняў восьмага пяцігадовага плана па вытворчасці і продажы дзяржаве прадуктаў жывёлагадоўлі, у 1971 годзе была ўзнагароджана ордэнам «Знак Пашаны». За вялікія поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве і праяўленую працоўную доблесць у выкананні прынятых абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве малака, у 1973 годзе ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. За выдатныя дасягненні ў працы, творчую ініцыятыву ў развіцці сацыялістычнага спаборніцтва і за значнае павелічэнне вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі была ўдастоена звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР. За поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, праяўленую працоўную доблесць у выкананні планаў і прынятых абавязацельстваў па павелічэнні вытворчасці прадуктаў жывёлагадоўлі ў зімовы перыяд 1982—1983 гадоў была ўзнагароджана ордэнам Леніна.

Г. Ф. Скакун паспяхова ўкараняла ў вытворчасць інтэнсіўныя тэхналогіі і перадавыя метады арганізацыі працы, дзякуючы чаму ўваходзіла ў лік перадавых працаўнікоў гаспадаркі, неаднаразова перамагала або займала прызавыя месцы ў раённых і абласных сацыялістычных спаборніцтвах, удзельнічала ў Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі (ВДНГ). Замацаваная за ёй група кароў з’яўлялася адной з самых прадуктыўных у гаспадарцы. На працягу адзінаццатай і дванаццатай пяцігодак даярка дабілася выдатных вынікаў, сярэднія надоі ў яе групе за 1987 год склалі 8300 літраў малака ад каровы.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета ад 17 жніўня 1988 года за выдатныя вынікі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі на аснове асваення інтэнсіўных тэхналогій і перадавых метадаў арганізацыі працы ў земляробстве і жывёлагадоўлі, і праяўленую працоўную доблесць Скакун Галіне Фёдараўне прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».

На працягу дванаццатай пяцігодкі (1986—1990) асвоіла новую форму арганізацыю працы — сямейны падрад. Надзейным яе памагатым на ферме стаў муж, які таксама асвоіў прафесію аператара машыннага даення.

Выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1989—1991), дэпутатам мясцовых Саветаў народных дэпутатаў. Дэлегат IV Усесаюзнага з’езда калгаснікаў (1988), на якім абрана ў Саюзны Савет калгасаў.

Выйшла на пенсію ў 1993 годзе, але ў калгасе «Беларусь» (з 2002 года — дзяржаўнае унітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства «Барысы», у 2013 годзе далучана да ААТ «Брэсрайаграсэрвіс» з цэнтрам у гарадскім пасёлку Дамачава) працягвала працаваць аператарам машыннага даення да 2006 года, калі была вымушана пайсці на заслужаны адпачынак, каб даглядаць за хворым мужам. Пражывала ў вёсцы Барысы, прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці вёскі і ў рабоце ветэранскай арганізацыі раёна.

Памерла 25 сакавіка 2022 года.

Узнагароды

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (19):
Катэгорыя·Памерлі ў 2022 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Асобы, якія памерлі менш за год таму
Катэгорыя·Узнагароджаныя залатым медалём ВДНГ
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1943 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Леніна
Катэгорыя·Памерлі 25 сакавіка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Героі Сацыялістычнай Працы
Катэгорыя·Члены Вярхоўнага Савета СССР (1989—1991)
Катэгорыя·Нарадзіліся 10 кастрычніка
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Брэсцкім раёне