wd wp Пошук:

Віцебскія замкі

Віцебскія замкі на "Чарцяжы" Шарамецева. 1664 г.

Віцебскія замкі — драўляныя і мураваныя абарончыя збудаванні, што існавалі ў Віцебску ў XIVXVIII стст.

Гісторыя

Паводле падання з Віцебскага летапісу, у 974 годзе кіеўская княгіня Вольга заснавала першы драўляны грод пры ўпадзенні Віцьбы ў Дзвіну.

Па ўваходжанні Віцебску ў склад Вялікага Княства Літоўскага ў XIV ст. вялікі князь Альгерд узвёў мураваныя ўмацаванні вакол Верхняга і Ніжняга замкаў.

Руіны Віцебскага замка. Н. Орда, 2-я палова XIX ст.

Адно з найзначнейшых выпрабаванняў Віцебскіх замкаў адбылося ў 1393 годзе пры аблозе вялікім князем Вітаўтам, калі ўпершыню ў Вялікім Княстве Літоўскім былі ўжытыя гарматы. У 1396 годзе Вітаўт ізноў мусіў браць штурмам Віцебскія замкі. У спробе здабыць велікакняжацкі тытул Віцебск двойчы ў 1435 і 1437 гадах браў у аблогу Міхал Жыгімонтавіч. Тройчы ў 1516, 1519, 1568 гг. яго беспаспяхова штурмавалі маскоўскія войскі.

У 1614 годзе адбыўся вялікі пажар, у выніку якога большая драўляная частка Ніжняга і Верхняга замкаў ушчэнт згарэла. У час вайны 1654—1667 гадоў Віцебскія замкі пратрымаліся даўжэй за іншыя вялікалітоўскія ўмацаванні: іх абаронцы здаліся 22 лістапада 1654 года пасля ўпартай 14-тыднёвай аблогі. Захапіўшы замкі маскоўцы спрабавалі іх падрамантаваць, аднак стары мураваны замак Альгерда так і не аднаўляўся: замест мураваных сценаў і вежаў ставілі драўляныя зрубы.

У час Паўночнай вайны 28 верасня 1708 года паводле загаду расійскага цара Пятра I, а пасля ў 1752 годзе ізноў жа праз рускіх асаднікаў драўляныя замкі былі спаленыя, пасля чаго іх закінулі і больш не аднаўлялі.

У 1970 годзе на тэрыторыі Віцебскіх замкаў прайшлі археалагічныя даследаванні (кіраўнік — Міхась Ткачоў).

Архітэктура

Для Альгерда Віцебск меў выключна вялікае значэнне ў правядзенні актыўнай усходняй палітыкі (ваенных паходаў на Маскву), таму не дзіўна што вялікі князь загадаў збудаваць на месцы драўлянага старога гроду комплекс магутных мураваных умацаванняў, які складаўся з Верхняга і Ніжняга замкаў.

Верхні замак меў пяць абарончых вежаў, лінія ягонай абароны дасягала 392 сажань (800 метраў), тым часам сцяна Ніжняга замка дасягала 585 ½ сажань (1250 метраў) і была ўмацаваная трынаццацю вежамі.

Сучаснасць

У 2007 г. аднавілі Духаўскі круглік, у якім зараз знаходзіцца музей.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без назвы артыкула
Катэгорыя·Абарончыя збудаванні Віцебска
Катэгорыя·Замкі Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без аўтара
Катэгорыя·Замкі Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Знішчаныя збудаванні Віцебска