У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Вілкаўшчына. Ві́лькаўшчына (часам Ві́лкаўшчына) — колішняя вёска, з 1959 года ў складзе Мінска.
Узнікла ў пачатку XX стагоддзя. З 1924 года ў Навадворскім сельсавеце Самахвалавіцкага раёна, з 1931 года ў адміністрацыйным падпарадкаванні Менскага гарсавета, з 1934 года ў Менскім раёне[1]. У канцы 1940-х гадоў складалася з некалькіх двароў[2]. Верагодна, некаторыя жыхары вёскі працавалі на цагельным заводзе № 4, які месціўся паблізу (цяпер на яго месцы завод «Керамін»)[3]. У 1959 годзе ўключаная ў межы горада Мінска, Заводскі раён[1].
Пасля далучэння да горада адна з вясковых вуліц атрымала назву Вілкоўшчына, другая была названая ў гонар Марата Казея. У 1970-я — 1980-я гады вёска аказалася заціснутай паміж чыгункай Мінск-Асіповічы, «Керамінам» і новай прамысловай зонай вуліцы Сцебянёва, не мела нават асобнага пад’езду ад іншых гарадскіх дарог[4]. У пачатку 2000-х быў пабудаваны новы цэх завода «Керамін», вакол якога склалася зона забароненая для пражывання, таму вёска была знесеная. У 2006 годзе ў вёсцы заставаўся адзін дом па вуліцы Вілкоўшчына, 7, уладальнік якога адмаўляўся перасяляцца ў гарадскую кватэру[4]. Апошні дом быў знесены ў 2007 годзе[5].
Рашэннем Мінскага гарадскога савета дэпутатаў ад 13 верасня 2016 года скверу ў межах вуліц Іосіфа Гашкевіча, Уладзіслава Сыракомлі, Янкі Лучыны прысвоенае найменне «сквер Вілкаўшчына»[6].
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вількаўшчына
vojik u tumane Вёска Вілкаўшчына(нявызн.). livejournal.com (2 жніўня 2008). Архівавана з першакрыніцы 28 мая 2017. Праверана 28 траўня 2017.
Валяр’ян Шкленік Вуліца-прывід(нявызн.). zviazda.by (16 студзеня 2014). Архівавана з першакрыніцы 28 мая 2017. Праверана 28 траўня 2017.