wd wp Пошук:

Віктар Уладзіміравіч Мартынаў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Мартынаў. Віктар Уладзіміравіч Марты́наў (25 студзеня 1924, Адэса, Адэская акруга, Украінская ССР, СССР — 25 студзеня 2013, Мінск, Беларусь) — беларускі мовазнаўца. Даследчык у галіне славістыкі, кампаратывістыкі, фармалізацыі семантыкі і лінгвістычных аспектаў праблемы штучнага інтэлекту. Стваральнік Універсальнага семантычнага коду (УСК).

Біяграфія

Нарадзіўся 25 студзеня 1924 года ў Адэсе[1]. Ва ўзросце 18-ці гадоў пайшоў на фронт. Ваяваў у складзе 3-га Украінскага фронту, камандаваў аддзяленнем аўтаматчыкаў[2]. Браў удзел у баях у Малдове, Югаславіі, Аўстрыі, Румыніі, Балгарыі і Венгрыі.

У 1948 годзе скончыў філалагічны факультэт Адэскага ўніверсітэта, у 1951 годзе — аспірантуру Львоўскага ўніверсітэта па спецыяльнасці славістыка і абараніў кандыдацкую дысертацыю па творчасці польскага паэта Юльюша Славацкага. У 1952—1960 гадах быў загадчыкам кафедры замежных моў Адэскага ўніверсітэта[2].

У 1960 годзе пераехаў у Мінск на працу ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР, дзе з 1962 па 1990 гады загадваў аддзелам агульнага і славянскага мовазнаўства. З 1992 года — прафесар кафедры агульнага мовазнаўства Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта і кіраўнік навукова-даследчага цэнтра «Семантыка»[3].

Абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Славяна-германскае лексічнае ўзаемадзеянне найдаўнейшых часоў. Да праблемы прарадзімы славян». У 1971 годзе стаў прафесарам.

Аўтар больш як 20 кніг і брашураў, больш за 200 артыкулаў. Пад яго кіраўніцтвам абароненыя 17 кандыдацкіх дысертацый і 4 доктарскія[2].

Навуковая дзейнасць

Кампаратывістыка і славістыка

Даследаванні навукоўцы ў галіне кампаратывістыкі і славістыкі прысвечаныя пытанням выяўлення глотагенезу і антагенезу славян, паходжання славянскай лексікі, славяна-неславянскіх кантактаў, складання праславянскае мова ў лінгвакультурным аспекце. У манаграфіях «Славяна-германскае лексічнае ўзаемадзеянне найдаўнейшых часоў. Да праблемы прарадзімы славян» (1963), «Мова ў прасторы і часе. Да праблемы глотагенезу славян» (1983) і шэрагу іншых прац даследуецца прамова славян у стасунках з балцкімі, італійскімі, іранскімі, кельцкімі і германскімі мовамі, прапаноўваюцца метады прасторава-часавай стратыфікацыі носьбітаў моў дагістарычных перыядаў паводле звестак параўнальна-гістарычнага мовазнаўства[4].

Беларусістыка

У сферу навуковых інтарэсаў Віктара Мартынава таксама ўваходзілі этымалогія і дыялекталогія беларускай мовы, прымяненне метадаў корпуснай лінгвістыкі ў вывучэнні беларускай мовы. З 1969 года ён быў рэдактарам і суаўтарам шматтомнага «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» (тт. 1-7, 1978—1991). Матэрыялы трох кандыдацкіх дысертацыяў па дыялектнай лексікаграфіі, падрыхтаваных пад яго навуковым кіраўніцтвам, абагульненыя ў калектыўнай манаграфіі «Лексіка Палесся ў прасторы і часе» (1971). Два іншыя калектывы, узначаленыя В. Мартынавым, падрыхтавалі манаграфіі па сучаснай беларускай мове: «Марфемная дыстрыбуцыя ў беларускай мове. Дзеяслоў» (1967) і «Словаўтваральная сістэма сучаснай беларускай мовы». Пад яго кіраваннем была праведзена праца па складанні канкардансаў беларускай мовы: «Канкарданс беларускай мовы XIX ст.» і «Канкардансы беларускіх пісьменнікаў. Канкарданс Кузьмы Чорнага» (ня выдадзены)[2].

Фармалізацыя семантыкі і штучны інтэлект

Сінтэзаваўшы вынікі лінгвістычных даследаванняў з дасягненнямі семіялогіі, праксіялогіі і тэорыі інфармацыі, навуковец прапанаваў спосаб «вылічэння моўных сэнсаў». У манаграфіі «Кібернетыка. Семіётыка. Лінгвістыка» (1966) выкладзеныя падставы і перспектывы дэдукцыйнай семіялогіі. Праца «Семіялагічныя асновы інфарматыкі» (1974) змяшчае прататып універсальнага семантычнага коду (УСК) як сродку зняцця няпэўназначнасці натуральнай мовы. У манаграфіі «Універсальны семантычны код» (1977) прадстаўленая першая версія УСК, якую навуковец удасканальвае ў наступных працах: «Катэгорыі мовы. Семіялагічны аспект» (1982), «Універсальны семантычны код: УСК-3» (1984), «Universal Semantic Code. USC — 5» (1995), «Асновы семантычнага кадзіравання. Досвед прадстаўлення і пераўтварэння ведаў» (2001) і інш[2].

Абраная бібліяграфія

Кампаратывістыка і славістыка

Беларусістыка

Фармалізацыя семантыкі і штучны інтэлект

Соавторы П. П. Шуба, М. И. Ярмош.

Прэміі і ўзнагароды

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені[3].

У 1989 занесены ў «Кнігу пашаны» ЗША. У 1990 атрымаў званне Заслужанага дзеяча навукі БССР. У 1993 годзе Міжнародны біяграфічны цэнтр ацаніў унёсак В. У. Мартынава ў навуку як «Дасягненне XX стагоддзя» і назваў яго «чалавекам стагоддзя»[2].

Зноскі

  1. Скончался выдающийся лингвист Виктор Мартынов, «Наша Ніва», 19.02.2013
  2. 1 2 3 4 5 6 Мартынов В. В. В центре сознания человека. — Минск: БГУ, 2009. — С. 3-4. — 272с. ISBN 978-985-518-132-4
  3. 1 2 Профессор Виктор Мартынов, создатель УСК — «Достижения ХХ века».
  4. Мартынов В. В. Язык в пространстве и времени. К проблеме глоттогенеза славян. — М.: Наука, 1983. — С.3. — 109 с.
Тэмы гэтай старонкі (22):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі 25 студзеня
Катэгорыя·Семасіёлагі
Катэгорыя·Нарадзіліся 25 студзеня
Катэгорыя·Выкладчыкі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску
Катэгорыя·Артыкулы пра вучоных без партрэтаў
Катэгорыя·Кампаратывісты
Катэгорыя·Дактары філалагічных навук
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Адэсе
Катэгорыя·Заслужаныя дзеячы навукі Беларускай ССР
Катэгорыя·Памерлі ў 2013 годзе
Катэгорыя·Выкладчыкі Адэскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Айчыннай вайны II ступені
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства НАНБ
Катэгорыя·Мовазнаўцы Беларусі
Катэгорыя·Славісты Беларусі
Катэгорыя·Выпускнікі Адэскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1924 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Этымолагі