wd wp Пошук:

Відзінскае царства

Відзінскае царства — дзяржава, якая адкалолася ад Балгарыі (Тырнаўскага царства) у XIV стагоддзі.

Відзінскі дэспатат

Пасля смерці ў 1241 годзе цара Івана Асеня II і барацьбы за балгарскі прастол, Балгарская дзяржава саслабла і шэраг феадалаў абвясцілі пра незалежнасць сваіх уладанняў. У канцы XIII стагоддзя дэспат Шышман кіраваў наваколлямі горада Відзін як незалежны кіраўнік. З Тырнаўскім царствам (асноўнай балгарскай дзяржавай таго часу) Шышман падтрымліваў мірныя адносіны. Прынамсі звестак пра ваенныя сутыкненні паміж Відзінам і Тырнава не захавалася. Пасля смерці Шышмана ўлада ў Відзінскім княстве перайшла да яго сына, Міхаіла Шышмана.

У 1323 годзе дэспат Відзіна Міхаіл Шышман быў абраны балгарскім царом. У выніку гэтага Відзінскае княства аб’ядналася з Балгарскім царствам. У Відзіне застаўся кіраваць Белаўр, брат Міхаіла Шышмана. Пасля таго, як у 1331 годзе на балгарскі прастол уступіў цар Іван Аляксандр, Белаўр адмовіўся падпарадкавацца яму, аднак падчас вайны 1331 года, цар Іван Аляксандр атрымаў перамогу і ўлада Балгарскага царства ў Відзіне зноў была адноўлена.

Калі цар Іван Аляксандр захацеў абвясціць сваім спадчыннікам свайго трэцяга сына Івана Шышмана, то другому сыну Івану Сраціміру ён у 1356 годзе якасці кампенсацыі даў уладу ў Відзіне (першы сын цара Івана Аляксандра, Міхаіл Асень, загінуў пры жыцці бацькі). З гэтага моманту Відзінскае княства становіцца вядомае як Відзінскае царства. Іван Срацімір з’ехаў з Тырнава ў Відзін і кіраваў ім як незалежнай дзяржавай. Аднак да смерці свайго бацькі, Іван Срацімір не абвяшчаў фармальнай незалежнасці Відзінскага царства.

Венгерская акупацыя (1365—1369)

У 1365 годзе венгерскі кароль Людовік I захапіў Відзінскае царства. Аднак у 1369 годзе яно было адноўлена сумеснымі дзеяннямі балгарскага (тырнаўскага) цара Івана Аляксандра, влашскага князя Уладзіслава I і кіраўніка Дабруджы Даброціцы. На відзінскі прастол вярнуўся Іван Срацімір.

Відзінскае царства (1371—1396)

Пасля смерці цара Івана Аляксандра абодва яго сыны Іван Срацімір і Іван Шышман абвясцілі сябе адзінымі законнымі кіраўнікамі Балгарыі і не прызнавалі адзін аднаго. Кіраўнік Відзінскага царства, Іван Срацімір абвясціў незалежнасць Відзіна і абвясціў сябе сябе балгарскім царом, успрыняўшы тытул свайго бацькі «У Хрыста Бога верны цар і самадзержац усіх балгараў і грэкаў». Тое ж самае зрабіў і Іван Шышман. Няма дакладных звестак пра ваенныя дзеянні паміж Відзінскім і Тырнаўскім царствамі, але мяркуецца, што горад Сафія першапачаткова належаў Івану Сраціміру, а з 1373 года перайшоў да Івана Шышмана.

Дэманструючы поўную незалежнасць Відзінскага царства, Іван Срацімір парваў адносіны з Тырнаўскім патрыярхам і падпарадкаваў Відзінскую мітраполію Канстанцінопалю.

Летапісец Іаган Шыльтбергер пісаў, што ў канцы XIV стагоддзі былі:

тры краіны, якія называліся Балгарыя.

Ён меў на ўвазе, што замест адзінай дзяржавы былі Відзінскае царства, Тырнаўскае царства і Дабруджанскае княства і кожнае лічыла сябе сапраўдным Балгарскім царствам.

Дзякуючы свайму размяшчэнню, Відзінскае царства было абаронена ад нападаў турак. Аднак, гэта працягвалася нядоўга. У 1396 годзе, неўзабаве пасля падзення Тырнаўскага царства, туркі паклалі канец незалежнасці Відзіна. Іван Срацімір быў арыштаваны за непадпарадкаванні султану (ён прапусціў венгерскія войскі праз сваю тэрыторыю) і яго далейшы лёс невядомы. Пасля гэтага Відзінскае царства канчаткова страціла сваю незалежнасць.

Балгарскае (Відзінскае) царства (1396—1422)

Пасля падзення ў 1395 годзе Тырнаўскага царства і заваявання ў 1396 годзе Відзінскага царства, на прастол Відзіна ўзышоў Канстанцін II Асень, сын Івана Сраціміра. Ён кіраваў то як васал турэцкага султана, то як венгерскага караля, а таксама на час абвяшчаў незалежнасць, але тым не менш яго ўлада распаўсюджвалася толькі на частку былога Відзінскага царства. У перыяд з 1396 па 1422 гады гэтыя рэшткі Відзінскага царства і ўяўлялі сабой Балгарыю. Спрэчкі паміж Тырнавам і Відзінам ужо не было. Шэраг замежных дзяржаў прызнавалі Канстанціна II Асеня менавіта як кіраўніка Балгарыі. У такім відзе Балгарыя працягвала існаваць да 1422 года, калі пасля смерці Канстанціна II Асеня, Відзінскае царства перастала згадвацца ў крыніцах, хутчэй за ўсё яно было канчаткова ліквідавана туркамі.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Зніклі ў 1422 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Відзінскае царства
Катэгорыя·XIII стагоддзе ў Балгарыі
Катэгорыя·З’явіліся ў 1280 годзе
Катэгорыя·1280 год у Еўропе