wd wp Пошук:

Вячаслаў Васілевіч Багдановіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Багдановіч. Вячаслаў Васілевіч Багдановіч (1878, Дзісна — 1939?) — беларускі рэлігійны і грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст.

Біяграфія

Сын святара Васілія Багдановіча і брат педагогаў Анатолія і Генадзя Багдановічаў. Бацька Глеба Багдановіча.

Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю, Кіеўскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя (1903). З 6 лістапада 1903 года выкладчык біблейскай і царкоўнай гісторыі ў Віцебскай праваслаўнай семінарыі. З 18 мая 1907 года інспектар Мінскай, з восені 1907 года Літоўскай (Віленскай) духоўных семінарыяў. У 1915 годзе эвакуіраваўся з семінарыяй у Разань. У 1919 годзе вярнуўся ў Вільню, прызначаны рэктарам семінарыі.

Удзельнічаў у Памесным Саборы Расійскай (Рускай) праваслаўнай царквы (1917—1918), член II, VII, XIII, XX аддзелаў. Аўтар алоўкавых партрэтаў сабаран. Напісаў аб саборы некалькі спецыяльных артыкулаў і надрукаваў дзённік удзельніка Сабора.

Быў адказным рэдактарам «Литовских Епархиальных Ведомостей» з 1919 да 20 кастрычніка 1922 года, калі пастановай Віленскай духоўнай кансісторыі выданне было зачынена. У верасні 1921 года ўступіў у Таварыства беларускай школы. Захоўваючы вернасць Патрыярху, адмовіўся прыняць аўтакефалію Польскай царквы, за што пастановай архіепіскапа Варшаўскага Георгія звольнены з пасады рэктара семінарыі і рэдактара «Литовских Епархиальных Ведомостей». У кастрычніку 1922 года арыштаваны польскімі ўладамі з архіепіскапам Літоўскім і Віленскім Елеўферыем (Богаяўленскім) і вывезены ў Кракаў. Мітрапалітам Дзіянісіем адлучаны ад Польскай аўтакефальнай царквы.

У канцы 1922 года абраны ў сенат Польскай Рэспублікі. Актыўны змагар за правы беларусаў у Польшчы. У 1930 годзе абраны сенатарам на другі тэрмін. Са святаром Лукой Голадам арганізаваў у Вільні адзіны ва ўсёй Польшчы праваслаўны прыход, які падпарадкоўваўся патрыярху Ціхану і служыў у ім псаломшчыкам (1924—1936). Пасля дзесяцігадовага існавання Патрыяршая абшчына ў Вільні адміністрацыйнымі ўладамі была разгромлена, а яе храм апячатаны (1936). Выступаючы ў сенаце (1929) паведаміў пра сапраўднае становішча Праваслаўнай царквы, пра гвалт, канфіскацыю маёмасці, нацыянальныя прыцясненні. З 1930 года выкладаў у Віленскай рускай гімназіі імя А. Пушкіна і ў жаночым епархіяльным вучылішчы.

Вядомы і як кампазітар, аўтар музыкі да некалькіх рамансаў на словы А. Пшчолкі. Паводле звестак А. Клімовіча, у 1920-я г. яму прыпісвалася аўтарства раманса «Зорка Венера» на словы М. Багдановіча.

У 1920—1930-я гады член Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК) у Вільні. Да 28 лістапада 1933 года старшыня Царкоўнай праваслаўнай камісіі пры БНК. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Праваслаўнага беларускага дэмакратычнага аб’яднання ў Вільні, уваходзіў у Беларускі пасольскі клуб. У 1939 арыштаваны польскай дэфензівай як праціўнік аўтакефаліі. Заключаны ў Віленскую турму, адкуль этапаваны ў Бяроза-Картузскі канцлагер. З наступам Чырвонай арміі ахова лагера ўцякла, і зняволеныя вызваліліся. У верасні 1939 года арыштаваны органамі НКУС. Паводле іншай крыніцы, арыштаваны 17 кастрычніка 1939 года, вывезены з Вільні органамі НКУС 23 кастрычніка 1939 года[1]. Па заяве пракуратуры СССР сярод асуджаных не значыцца. Па прыватных сведчаннях, расстраляны ў Вілейскай турме НКВД неўзабаве пасля арышту.[2]

На праваслаўных могілках парафіі Усіх Святых у Беластоку ўстаноўлены кенатаф Вячаслава Багдановіча.

Зноскі

  1. Goniec Codzienny, Nr. 33, 27.08.1941
  2. Маракоў Л. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917—1967.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (27):
Катэгорыя·Члены Беларускага пасольскага клуба
Катэгорыя·Рэктары Віленскай духоўнай семінарыі
Катэгорыя·Памерлі ў 1939 годзе
Катэгорыя·Расстраляныя ў СССР
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1878 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Беларускія парламентарыі Польскай Рэспублікі (1918—1939)
Катэгорыя·Зняволеныя Вілейскай турмы
Катэгорыя·Выпускнікі Кіеўскай духоўнай акадэміі
Катэгорыя·Члены Таварыства беларускай школы
Катэгорыя·Вязні Бяроза-Картузскага канцлагера
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Выкладчыкі Віленскай беларускай гімназіі
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Катэгорыя·Нарадзіліся 26 верасня
Катэгорыя·Пахаваныя ў Беластоку
Катэгорыя·Выпускнікі Віцебскай духоўнай семінарыі
Катэгорыя·Выкладчыкі Віленскай духоўнай семінарыі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Дзісне
Катэгорыя·Праваслаўныя багасловы Беларусі
Катэгорыя·Памерлі ў Вілейцы
Катэгорыя·Кандыдаты багаслоўя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя ў Польскай Рэспубліцы (1918—1939)
Катэгорыя·Члены Беларускага навуковага таварыства (1918)
Катэгорыя·Выкладчыкі Віцебскай духоўнай семінарыі
Катэгорыя·Палітыкі Беларусі