Вярцеп (батлейка, укр.: вертеп) — старадаўні перасоўны беларускі[1] і ўкраінскі[2] лялечны тэатр, дзе ставілі рэлігійныя і свецкія (пераважна жартоўныя і іранічныя) п’есы. Украінскі вярцепны тэатр — самабытная з’ява ў развіцці тэатральнай культуры краіны.
Украінскі вярцеп вядомы з 17 стагоддзя. Свецкая частка прадстаўлення паклала пачатак украінскай камедыі 19 стагоддзя.
Вярцепны лялечны тэатр меў форму двухпавярховай драўлянай скрыні. На другім паверсе паказвалі калядную драму; на першым — механічна прывязаную да яе сатырычна-бытавую інтэрмедыю. Першая, калядная, частка вярцепа, якую называлі «святы», мела больш-менш стабільную кампазіцыю, затое другая змянялася ў залежнасці ад мясцовых умоў, здольнасцяў і дасціпнасці вярцепніка.