Вялікі фільтр (англ.: Great Filter) - гіпотэза, выказаная ў 1996 годзе Робінам Р. Хенсанам[1], закліканая вырашыць парадокс Фермі. З кропкі гледжання аўтара, адсутнасць прыкмет пазаземных цывілізацый у назіраемым сусвеце падразумявае, што доказы розных навуковых дысцыплін на карысць высокай верагоднасці зараджэння разумнага жыцця павінны быць пастаўлены пад сумненне. Невядомыя на бягучы момант навуцы фактары могуць памяншаць верагоднасць зараджэння і развіцця формаў жыцця да стану, калі адзнакі іх дзейнасці могуць быць заўважаны пабочнымі назіральнікамі. Гэтая канцэпцыя і атрымала назву «Вялікага фільтра», які для чалавецтва можа знаходзіцца альбо ў мінулым (у выпадку, калі ён шкодзіць эвалюцыі жывёл да разумных істот), альбо ў будучыні (калі ён заключаецца ў высокай верагоднасці самазнішчэння разумнай цывілізацыі[1][2]). З дадзенага вывада вынікае контр-інтуітыўнае меркаванне аб тым, што чым лягчэй была нашая эвалюцыя да бягучага моманта, тым горш шансы чалавецтва ў будучыні.
На заранку SETI, у пачатку 60-ых гадоў ХХ стагоддзя Себасцьян фон Хорнер заявіў, што маючы такія недасканалыя і непрыстасаваныя для пошуку штучных радыёсігналаў прылады, немагчыма заяўляць аб тым, што «маўчанне Сусвета» эксперыментальна даказаны факт. Як любіў паўтараць Карл Саган: «absence of evidence is not evidence of absence» («Адсутнасць доказа не з’яўляецца доказам адсутнасці»)[3].
Згодна з меркаваннем канадскага папулярызатара навукі Скота Сазерленда, на 2014 год выяўлены адзіны сігнал, які з пэўнай доляй верагоднасці можна лічыць штучным пазаземным - гэта сігнал «Wow!»[4].