Вялікі комтур[1] або архікомтур (ням.: Großkomtur) — адзін з найвышэйшых саноўнікаў Тэўтонскага ордэна, пераемнік вялікага магістра (хохмайстра).
Пасада вялікага комтура прыблізна адпавядае цяперашнім прэм’ер-міністру і міністру ўнутраных спраў.
У выпадку пагрозы пры адсутнасці хохмайстра меў права кіравання ўзброенымі сіламі Ордэна. У мірны час загадваў арсеналамі, вырабам рыштунку, складамі збожжа, а падчас вайны выконваў ролю абознага і галоўнага інтэнданта войскаў. Яму падначальваўся наземны і водны транспарт.
Адзін з двух ураднікаў, акрамя вялікага магістра, якія мелі ключы ад скрыні з пячаткай Ордэна. Разам з чатырма іншымі саноўнікамі (вялікім маршалам, вялікім шпітальнікам, вялікім шатным, вялікім скарбнікам) уваходзіў у раду вялікага магістра[2]. Да з’яўлення ўраду вялікага скарбніка (1240) распараджаўся скарбам Ордэна.
Памочнікам вялікага комтура быў віцэ-комтур (інакш малы комтур).