Вышыванка — традыцыйная беларуская і ўкраінская вышываная мужчынская і жаночая кашуля.
Вышыванкай у пераносным сэнсе называюць таксама і традыцыйны беларускі ўзор, размешчаны на прадметах адзення і іншых рэчах.
Вышываныя і тканыя геаметрычныя арнаменты пачалі ўжывацца на адзежы яшчэ ў часы сярэдневечча. Вышыванне лічылася хатнім заняткам: кожная жанчына вышывала вопратку, ручнікі для сябе і сваёй сям’і, у лепшым выпадку — на заказ сваёй суседцы, але слова “вышыванка” ў дачыненні да вышыванай вопраткі і кашуль на беларускіх тэрыторыях не ўжывалася[1]. Гэта назва шырока распаўсюдзілася пасля 2014 на хвалі салідарнасці з украінскім пратэстным рухам, асабліва пасля Майдану, адным з сымбалаў якога зрабіўся вышываны арнамент.[2].
У 1913 годзе беларускія актывісты, што збіралі прадметы народнай творчасці, ўпершыню выставілі вышываныя строі на грамадскі агляд на Першай раённай выставе саматужнага промыслу і народнай творчасці, што праходзіла ў Вільні і дзе былі прадстаўлены вырабы беларускіх і літоўскіх майстроў. Наведвальнікі, паглядзеўшы выстаўку, ацанілі, што вялікая частка старасвецкай народнай культуры ўжо страчана[3].
Вышытыя і народныя кашулі заставаліся ва ўжытку ў савецкіх рэспубліках яшчэ ў 1920-я — пачатак 1930-х, падчас НЭПа і карэнізацыі, (у БССР — беларусізацыі). У БССР вышыванку, як урачыстую вопратку, апраналі як партыйныя кіраўнікі, так і простыя людзі. З пачаткам працэсу мадэрнізацыі і індустрыалізацыі самаробная і вышываная адежа была выцесненая з паўсядзенага ўжытку [4], але яе пачалі шырока выкарыстоўваць шматлікія ансамблі і гурты народнай творчасці, што збіраліся пры дамах культуры, школах і г.д.
Лічыцца, што ўздым папулярнасці беларускіх народных кашуль з арнаментам прыйшоўся на другую палову 1950-х гадоў і пачатак 1960-х. Звычайна, гэта звязваюць са знаходжаннем на чале Савецкага Саюза Мікіты Хрушчова (1953—1964), які любіў вышытыя кашулі і сам часта з’яўляўся на публіцы апрануты ў іх. Але новыя пакаленні партыйнай эліты паходзілі з гарадскіх працоўных, а не з сялян, і таму не насілі вышываныя кашулі. Геаметрычны арнамент і адзенне з ім захоўваліся ў асноўным ў дамах народнай творчасці, ансамблях народнай песні і танца, у тым ліку Ансамблі народнага танца БССР, фінансаваліся дзяржавай, а таксама ў некаторых вёсках, дзе захавалася традыцыя вырабу народнага тэкстылю [1].
У 1951 стужка з нацыянальным арнаментам была дададзена да сцяга Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У трошкі змененым выглядзе стужка з арнаментам выкарыстоўваецца на сучасным сцягу Рэспублікі Беларусь.
У сярэдзіне 2010-х гадоў у Беларусі пачалі імкліва набіраць папулярнасць адзенне і аксесуары ў нацыянальным стылі сярод моладзі і дзелавых людзей. Падобная прадукцыя шырока прадстаўлена ў Мінску ў этнамагазінах, на спецыялізаваных выстаўках і кірмашах, але самым папулярным і дзейсным каналам з’яўляюцца сацыяльныя сеткі[5].
Пачынаючы з 2016 г. ў Мінску пачалі праводзіцца дні вышыванкі[6][7].
Сацыялагічнае даследаванне, якое было праведзена ў 2015 годзе кафедрай эканамічнай сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, выявіла, што галоўнай прычынай набыцця адзення з нацыянальнай беларускай сімволікай з’яўляецца патрыятычны стыль прадукцыі (69,3 %), дызайнерская ўнікальнасць (49,5 %), адпаведнасць прадукцыі з нацыянальнай беларускай сімволікай модным запытам беларускай моладзі (31 %), магчымасць вылучацца ў грамадстве, якую даюць такія тавары (29,4 %)[5].
Вышыма́йка — баваўняная майка з імітацыяй традыцыйнай беларускай вышыўкі, арнаментам і ўзорамі. Вышымайкі з’явіліся на хвалі цікавасці да беларускай нацыянальнай сімволікі і вышыванак у 2014 годзе[8]. Ідэя належыць карэспандэнту беларускай службы Радыё «Свабода» Алесю Дашчынскаму[9]. Першыя вышымайкі былі выпушчаныя летам 2014 году культурніцкай ініцыятывай «Арт Сядзіба» і беларускай рэдакцыяй Радыё «Свабода». Спачатку вышымайкі распаўсюджваліся бясплатна, потым было арганізавана іх камерцыйнае распаўсюджванне[10], а геаметрычны арнамент пачаў выкарыстоўвацца на розных спажывецкіх вырабах: шкарпэтках, капелюшах, футлярах да тэлефонаў і кніг, хатніх прыстасаваннях і нават аўтамабілях [2].
Назву «вышымайка» прыдумалі супрацоўнікі Радыё «Свабода» ў сацыяльнай сетцы Facebook[11]. Яна ўтворана ад слоў «вышыванка» і «майка». Вядучыя моўных шоу ў Мінску прызналі слова «вышымайка» словам года[12].