Выдаве́цтва Анто́на Грыне́віча — прыватнае беларускае выдавецтва, якое дзейнічала ў Санкт-Пецярбургу ў 1910—1913 гадах. Заснавана Антонам Грыневічам. Спецыялізавалася на выпуску твораў мастацкай літаратуры і беларускага музычнага фальклору[1]. Выдала 10 кніг агульным тыражом 28 200 экземпляраў.
У 1910 годзе пасля першага тома «Беларускіх песень з нотамі» выходзяць драматычная паэма «Адвечная песня» і зборнік вершаў «Гусляр» Янкі Купалы (выйшлі ў друкарні К. Пянткоўскага). У 1912 годзе Антон Грыневіч разам з Андрэем Зязюлем выдае другі том «Беларускіх песень з нотамі».
У 1913 годзе Антон Грыневіч піша дзеячам з Вільні, таму што рэдакцыя «Нашай нівы» не спяшалася расплаціцца з выдаўцом[2]:
Прайшлі ўжо дзве пары, калі вы маглі вярнуць мне грошы за камісовыя кніжкі… Ці вы думаеце, што я такі добры, што дапамінацца свайго не стану, ці што я такі дурны, што мяне можна ўгаварыць чакаць без канца… Мне грошы патрэбны да зарэзу, бо, не сплаціўшы доўг друкарні адной, я ўлез у доўг у другой, дзе друкую 6 кніжак!.. |
У 1913 годзе выйшлі ў друкарні А. Э. Коллінса кнігі «Тоўстае палена», «Прапаў чалавек» і «Нёманаў дар» Якуба Коласа, «Апавяданні» Уладзіслава Галубка, «Аб чым шапацелі лісця» Таўруса і «Праклёнашы» Л. Гвазда[3].