Выгаляне́нты[1] (трансліт.: Vyhalianienty, руск.: Выголененты) — вёска ў Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Вішнеўскага сельсавета.
Драўляная капліца пад тытулам Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных была пабудавана ў 1767 годзе на паўночнай ускраіне вёскі, на зямлі, якую ахвяравалі мясцовыя землеўладальнікі — паны Невяровічы і Абрамовічы. Адноўлена ў першай палове XIX ст. і прыпісана да вішнеўскай парафіі Свірскага дэканата. З 1864 да 1919 г., калі парафія не дзейнічала, капліца прыпісвалася да касцёла ў Нястанішках. У 1929 капліца паднаўлялася.
Гэта была характэрная для класіцызму пабудова — прамавугольная ў плане з трохграннай алтарнай часткай, перакрытая двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром, галоўны фасад вырашаны як чатырохкалонны порцік. У інтэр’еры, перакрытым плоскай падшыўной столлю, усталяваны драўляны алтар у выглядзе порціка з падвоенымі калонамі. У алтары змешчаны абраз Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных, які лічыцца цудадзейным. Абраз «апрануты» ў срэбныя з пазалотай шаты, вакол змешчаны шэраг вотаў. Над уваходам зроблены хоры.
У 1940—1954 гадах цэнтр Выгаляненцкага сельсавета, у 1954—1957 гадах у Сыраваткінскім сельсавеце, з 15 лістапада 1957 года ў Вішнеўскім сельсавеце[2].