wd wp Пошук:

Ваўнянка вярбовая

Ваўня́нка вярбовая, Прадзільнік лазовы[1] (Leucoma salicis) — начны матылёк падсямейства ваўнянак.

Апісанне

Сярэдняй велічыні матылёк з бліскуча-белымі крыламі (сустракаецца зрэдку меланістычная аберацыя з чорнымі краямі крылаў). Размах крылаў 44-55 мм. Вусікі і галёнкі ног чорныя, лапкі чорныя з белымі папярочнымі кольцамі. Вусікі ў самцоў грабеньчатыя, у самак вышчэрбленыя.

Матылі лётаюць у чэрвені і ліпені. Самкі адкладаюць яйкі купкамі на лісце або кару розных відаў верб і таполяў, склейваючы і пакрываючы іх аднастайнай серабрыстай масай (выдзяленне прыдаткавых палавых залоз). Такія купкі ў 150—200 яйкаў маюць выгляд плоскіх аладак. Яйкі звычайна зімуюць, але часам вылупляюцца вусені ўжо восенню і праводзяць зіму ў шчылінах кары і т. п.

Вусень

Дарослыя вусені даўжынёй каля 40 мм. Тулава чорнага колеру, па баках і з брушнога боку жаўтлява-шэрага колеру, з 4 радамі буравата-чырвоных бародавак, пасаджанае купкамі доўгіх буравата-жоўтых валасінак. Паміж гэтымі бародаўкамі знаходзяцца невялікія конусападобныя ўзвышэнні, якія могуць трохі выпінацца і з якіх пры раздражненні выступае кропля вадкасці — сакрэт скурных залоз, якія знаходзяцца ўнутры згаданых ўзвышэнняў (сакрэт залозы, верагодна, служыць для абароны ад ворагаў). На спінным баку цела знаходзіцца шэраг белых або жаўтлява-даўгаватых белых плям. Вусені моцна аб’ядаюць лісце верб і таполяў (ядуць пераважна ноччу, а днём сядзяць спакойна на лісці і ствалах). Перад акукліваннем змацоўваюць асобнымі павуціннымі ніткамі некалькі лісткоў. Кукалкі чорныя з шматлікімі дробнымі бялёсымі плямкамі і жоўтымі валасінкамі.

Арэал і экалогія

Від распаўсюджаны ў большай частцы Еўропы і палеарктычнай частцы Азіі. Часам матылькі з’яўляюцца ў велізарных масах і здзяйсняюць пералёты цэлымі хмарамі. Пры блізкасці мора яны нярэдка трапляюць пры гэтым у ваду і выкідваюцца на бераг.

Ворагамі матылькоў з’яўляюцца лятучыя мышы і вераб’і, паразітныя мухі (тахіны) і розныя наезнікі.

Значэнне

Шкоднікі лесу.

Зноскі

  1. Беларуская навуковая тэрміналогія: слоўнік лясных тэрмінаў. — Мінск: Інбелкульт, 1926. — Т. Вып. 8. — 80 с.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Ваўнянкі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе
Катэгорыя·Насякомыя Еўразіі
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта