Валерый Фёдаравіч Чычурын (1941—2005) — беларускі гаспадарчы дзеяч. Заслужаны будаўнік Рэспублікі Беларусь (2000)[1].
Нарадзіўся ў Іжэўску. Бацька загінуў у Вялікай Айчыннай вайне, маці памерла ад хваробы, калі сыну было 14 гадоў. Выхоўваўся бабуляй[1].
Скончыўшы 8 класаў сталічнай школы, ён паступіў у Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, пасля размеркавання некаторы час працаваў на будоўлі. Чатыры гады ён адслужыў у Ваенна-марскім флоце ў г. Пінску Брэсцкай вобласці, дзе на адным з вечароў пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Людмілай[1].
Пазней вучыўся ў Беларускім політэхнічным інстытуце, але з-за сямейных цяжкасцей перавёўся на завочнае аддзяленне Маскоўскага будаўнічага інстытута[1].
Паралельна працаваў загадчыкам аддзела будаўніцтва Мінскага абкама КПБ. А ў 1988 годзе яго запрасілі ўзначаліць ДВА «Мінскбуд»[1], які ён узначальваў да сваёй смерці ў 2005 годзе.
Пад кіраўніцтвам В. Ф. Чычурына ўведзены ў эксплуатацыю такія сталічныя аб’екты, як чыгуначны вакзал, Палац Рэспублікі, Дом Міласэрнасці, крыты футбольны манеж, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Рэспубліканскі гарналыжны цэнтр «Сілічы» і шмат іншага[1].
Заслужаны будаўнік Рэспублікі Беларусь (2000).
У 2003 годзе ўдастоены звання «Мінчанін года» ў галіне будаўніцтва за вялікі ўклад у развіццё сталіцы[2].
У Мінску ў гонар Валерыя Фёдаравіча Чычурына названа вуліца ў мікрараёне Дамброўка-6. 2 жніўня 2012 года на доме № 6 устаноўлена мемарыяльная дошка[2].