wd wp Пошук:

Вадзі-аль-Хітан

Вадзі-аль-Хітан (араб. وادي الحيتان‎‎, «Даліна кітоў») — палеанталагічныя знаходкі, размешчаныя ў егіпецкім губернатарстве Фаюм прыблізна ў 150 км да паўднёвага захаду ад Каіра[2]. У ліпені 2005 года яны былі ўключаны ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА дзякуючы добра захаваным у вялікай колькасці выкапнёвым рэшткам старажытных кітоў, якія належаць да былога падатрада Archaeoceti. Гэтыя закамянеласці ілюструюць частку эвалюцыйнага працэсу — паходжанне кітоў ад жывёл, якія насялялі на сушы. Асоба ахоўны ландшафт, у якім размешчаны гэтыя ўзоры, таксама даступны і прыдатны для даследаванняў.[3]

Апісанне

Шкілет кіта
Шкілет кіта

Рэшткі з Вадзі-аль-Хітана не былі першымі выяўленымі ўзорамі старажытных кітоў, аднак адрозніваюцца вялікай колькасцю і добрай захаванасцю — захавалася нават змесціва страўнікаў некаторых узораў. Знойдзеныя ў Вадзі аль-Хітан рэшткі іншых жывёл — акул, кракадзілаў, піларылых, чарапах і скатаў — дазваляюць узнавіць навакольнае асяроддзе і экалагічны стан таго перыяду.

Першыя выкапнёвыя рэшткі былі знойдзены ў Вадзі-аль-Хітан узімку 1902—1903 года.[2] Закамянеласці адносяцца да самых ранніх прадстаўнікоў Archaeoceti і адлюстроўваюць стадыю іх развіцця, на якой яны ўжо амаль цалкам страцілі свае заднія канечнасці, іх цела мела абцякальную форму, як у сучасных кітоў, але зубная сістэма і чэрап усё яшчэ мелі прымітыўную будову. Самы буйны шкілет дасягае даўжыні 21 м,[4] на ім маюцца добра развітыя перапонкі з пяццю пальцамі і нечакана добра развітыя заднія канечнасці, раней невядомыя ні ў аднаго з відаў старажытных кітоў. Іх форма была змеепадобная і яны былі драпежнымі.

Вадзі-аль-Хітан з’яўляецца таксама месцам рассялення 15 відаў пустэльных раслін, 15 відаў сысуноў, уключаючы паўночнаафрыканскага шакала, чырвоную лісіцу, егіпецкага мангуста, афрыканскую дзікую кошку і іншых. Таксама зарэгістравана прысутнасць 19 відаў гадаў і 36 відаў птушак, якіх прыцягваюць азёры Вадзі-аль-Раяна.[4]

Цікавыя факты

Панарамны від Вадзі-аль-Хітан

У ліпені 2007 года егіпецкі ўрад заявіў, што дзве машыны кіруемыя бельгійскімі дыпламатамі заехалі на ахоўную тэрыторыю і вырабілі шкоду ў памеры 325 000 долараў ЗША. Бельгійскі ўрад адмовіўся прызнаць факт шкоды сваімі дыпламатамі. Інцыдэнт застаўся нявырашаным.

Зноскі

  1. Unesco Wadi Al-Hitan (“Whale Valley”)(англ.) . Праверана 13 чэрвеня 2009.
  2. 1 2 Wadi Al-Hitan (Whale Valley) — World Heritage Site — Pictures, info and travel reports(англ.)  (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 2 красавіка 2012. Праверана 13 июня 2009.
  3. Unesco Вадзі-аль-Хітан («Даліна кітоў») - месцазнаходжанне закамянеласцяў(руск.)  (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 красавіка 2008. Праверана 13 чэрвеня 2009.
  4. 1 2 UNEP-WCMC Protected Areas Programme — Wadi Al-Hitan (Whale Valley)(англ.)  (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 чэрвеня 2007. Праверана 13 чэрвеня 2009.
Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Сусветная спадчына ў Егіпце
Катэгорыя·Сусветная спадчына паводле алфавіта