пра хрысціянскае свята гл. Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы.
Вадзенне (Увядзенне, Вадзенне, Уводзіны) — прысвятак у народным календары славян, які святкуецца 21 лістапада (4 снежня) . Звязаны з хрысціянскім святкаваннем Увядзення ў храм Прасвятой Уладаркі нашай Багародзіцы і Прыснадзевы Марыі. Бяздзетныя бацькі Іаакім і Ганна паабяцалі, што, у выпадку нараджэння ў іх дзіцяці, прысвецяць яго на служэнне Богу[1]. І вось у гэты дзень трохгадовая атраковіца пры запаленых свечках падымаецца па пятнаццаці прыступках храма і яе першасвятар уводзіць у Святая Святых. Для хрысціян гэтае свята — сімвал увядзення грэшнага свету ў храм, без якога ён загіне, пачатак уратавання[2].
У народнай традыцыі назва звязваецца са словам «вядзенне»[2][1] («водзяцца ваўкі»[2]), казалі: «Увядзенне, што свят навядзе»[1], «На Увядзенне бывала лядзенне»[2], «Увядзенне прыйшло — зіму прывяло». На Рэчыцкім Палессі мяркуюць, што гэта свята — у памяць пакут Святой Варвары («вадзілі Варвару»): «Як святую Варвару погань мучыла, што перш вадзіла па сялу на повадзе да й біла; затым етае свята завецца „Вадзенне“»[2].
У некаторых рэгіёнах лічыцца адным з дзявочых свят, калі «дзяўчаты збіраліся на ігрышча і куміліся» (Рагачоўскі раён), а вечарам варажылі: «Святое Увядзенне, вядзі мяне туды, ідзі мне жыць»[3][1][2].
У сербаў і чарнагорцаў існуюць забароны на дакрананне да вострых прадметаў, каб ваўкі зімою не нападалі на жывёлу[2].