wd wp Пошук:

Біярыц

Біярыц (фр.: Biarritz) — горад на паўднёвым захадзе Францыі, у дэпартаменце Атлантычныя Пірэнеі, рэгіён Новая Аквітанія. Размешчаны ўздоўж Берагу Баскаў (фр. côte Basque) на мысе святога Мартэна (Saint-Martin) і практычна ўшчыльную прымыкае да гарадоў Англет і Баёна. Насельніцтва 33600 жыхароў (2006). Раскошны прыморскі кліматычны і бальнеялагічны курорт. Фешэнэбельны курорт, месца адпачынку і лячэння каралеўскіх асоб, прэзідэнтаў і іншых высокапастаўленых асоб.

У чатырох кіламетрах ад горада аэрапорт, які злучае горад з многімі гарадамі Францыі і Еўропы. У трох кіламетрах ад цэнтра горада чыгуначны вакзал, час у дарозе да Парыжа на хуткасным цягніку TGV складае 5 гадзін.

Гістарычна Біярыц — горад баскаў, ён размешчаны на баскскіх землях (фр. Pays basque), яго назва мае басконскае паходжанне.

Гісторыя

У 840 годзе на землях Гасконі з’явіліся вікінгі. Яны рассяліліся на даволі шырокай тэрыторыі, у тым ліку і на тым месцы, дзе зараз размешчаны Біярыц. Іх прыцягнулі выдатныя магчымасці палявання на кітоў. Пасля ваеннага паражэння ў 982 годзе іх нашчадкі яшчэ доўга заставаліся на гэтых землях. Яны працягвалі кітовы промысел. Жылі вельмі адасоблена, ім катэгарычна забаранялася ўступаць у змешаныя шлюбы. Такога роду абшчыны мелі месца ў Гасконі і Навары. Канчаткова асіміляваліся яны толькі да пачатку XX стагоддзя. Біярыц заўсёды жыў акіянам. Спачатку гэта быў промысел рыбы і кітоў, але пазней, пачынаючы з XVIII стагоддзя, дзякуючы карыснасці для здароўя мясцовага паветра і вады, па рэкамэндацыі лекараў тут з’явіліся першыя адпачывальнікі і курортнікі.

Сапраўдную папулярнасць Біярыцу ў XIX стагоддзі прынес імператар Напалеон III, які адпачываў тут са сваім дваром. Каралева Вікторыя была ў Біярыцы ў 1889 годзе, а з 1906 года горад стаў любімым месцам адпачынку Эдуарда VII. Любіў бываць тут і кароль Іспаніі Альфонса XIII.

Славутасці

З архітэктурных славутасцяў горада варта адзначыць царкву Святой Яўгеніі (па-французску: Église Sainte Eugénie). Яна была пабудаваная ў візантыйскім стылі ў 1864 годзе па распараджэнні імператрыцы Яўгеніі. Прыцягвае турыстаў імператарская капэла і царква Сен-Мартэн, пабудаваная ў XII стагоддзі і адноўленая ў XVI стагоддзі. Раскошны Атэль-дзю-Пале таксама ўзведзены дзякуючы распараджэнню імператрыцы ў 1854 годзе.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Камуны дэпартамента Атлантычныя Пірэнеі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Нявызначаная краіна (тэлефонны код)
Катэгорыя·Гарады Новай Аквітаніі
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Курорты Францыі