wd wp Пошук:

Бітва пры Нарве

Бітва пры Нарве — адна з найбольш значных падзей пачатку Вялікай Паўночнай вайны (17001721). Бітва адбылася 19 лістапада (30–га па грэгарыянскім стылі) 1700 года, пад тады шведскім горадам–крэпасцю Нарва і скончылася ўпэўненай перамогай шведаў, на чале з іх 18–гадовым каралём Карлам XII.

Аблога Нарвы

Пасля далучэння Расіі ў жніўні 1700 да антышведскай кааліцыі, расійскія войскі рушылі да межаў Швецыі. 12 верасня першыя расійскія палкі былі ўжо ў некалькіх кіламетрах ад Івангарада, а на наступны дзень камендант крэпасці Нарва Генінг Рудальф Горн адпраўляе свайму каралю ліст, у якім ён паведамляе, што Нарва ўзята ў аблогу рускімі[5]. Расійскія войскі падыйшлі да шведскай крэпасці ў чатыры этапы: пасля палкоў князя Трубяцкога, 24 верасня падыйшлі цар Пётр I і генерал–маёр Бутурлін, за імі — генерал Адам Вайдэ, і нарэшце, 2 кастрычніка — войскі галоўнакамандуючага фельд–маршала Фёдара Галавіна і генерала кавалерыі Барыса Шарамецева[6]. Уся падыйшоўшая расійская армія налічвала ад 35 000 да 38 000 чалавек.

Князь Трубяцкой разбіў свой лагер на ўзгорку Германа, адкуль ён мог кантраляваць горад і блакаваць заходні шлях. Рускія пабудавалі ўнутраную абарончую лінію, якая складалася з чатырох рэдутаў, а таксама тылавую абарончую лінію, якая заходзіла ўглыб эстонскай тэрыторыі, да самага Кампергольма, у якім знаходзілася штаб–кватэра Пятра I[7]. Надвор’е было вельмі кепскім: расійскія салдаты замярзалі і хварэлі, узнікалі цяжкасці з дысцыплінаю. Каб яе палепшыць, расійскі цар загадаў пабіваць салдат розгамі за кожную дробную хібу[8].

Рускія шматразова спрабавалі атакаваць крэпасць: у ноч на 8 лістапада яны ажыццявілі цэлых тры атакі, аднак кожны раз шведы паспяхова іх адбівалі. Раз’юшаны Пётр I загадаў павесіць на шыбеніцы кожнага дзясятага ўдзельніка гэтых няўдалых нападаў[9]. Цар ведаў, што шведскі кароль ужо спяшаецца на дапамогу абаронцам. З іншага боку, рускія таксама чакалі дапамогі — корпуса генерала Анікіты Рэпніна. 19 лістапада Пётр прызначыў камандуючым герцага дэ Круа (нягледзячы на тое, што той спрабаваў адмовіцца ад гэткага прызначэння), а сам, разам з фельд–маршалам Галавіным паехаў у Маскву, дзе ён быццам мусіў сустрэцца з турэцкім пасольствам[10]. На гэты момант Карл XII ужо знаходзіўся ў 14 кіламетрах ад Нарвы: набліжалася вялікая бітва.

Бітва

Калі а 10 гадзіне раніцы 20 лістапада войска 18–гадовага шведскага караля падыйшло да Нарвы, у ім налічвалася ўсяго 10 537 чалавек і мелася 37 гармат[11]. Заняўшы пазіцыі на форце Германа, яны пачалі паліць з гармат па рускім. Апошнія адказалі тым самым. Камандуючы левым шведскім флангам — правая рука Карла XII генерал Карл Густаў Рэншэльд — вырашыў прарваць праціўніка ў цэнтры, а шведскі правы фланг на чале з Ота Велінгам павінен быў атакаваць з поўдня лагер Трубяцкога. У сваю чаргу, войска Рэншэльда складалася з дзвюх частак: левай камандаваў палкоўнік Магнус Стэнбак, а правай — генерал Георг Юхан Майдэль. Абедзве часткі падтрымліваліся непасрэдна дзесяццю эскадронамі Рэншэльда[12]. Шведская артылерыя таксама складалася з дзвюх частак: адна — на поўначы (13 гармат), а другая (8 гармат) — каля ўзгорку Германа, усяго ў 200 метрах ад лагеру Трубяцкога.

Расійскае войска складалася з трох частак: на правым фланзе знаходзіліся 9 026 пехацінцаў і 115 артылерыстаў генерала Фёдара Галавіна, у цэнтры былі 3 669 пехацінцаў і 78 артылерыстаў князя Трубяцкога, а на левым фланзе — 11 255 пехацінцаў і 128 артылерыстаў генерала Вайдэ[13].

А 14 гадзіне шведы пайшлі ў атаку. Нечакана падняўся моцны вецер, дзьмуўшы ў твар рускім: з–за ўзнікшай завірухі тыя нічога не бачылі і палілі наздагад. Усяго праз 20 хвілін шведы ўжо дамінавалі на ўсіх трох участках і з лёгкасцю бралі адзін рэдут за другім. Рускія пачалі панікаваць, некаторыя з іх кідаліся ў ваду і танулі. Быў паранены генерал Вайдэ[14]. У гэтай паніцы рускія сталі забіваць у сваіх радах этнічных немцаў: убачыўшы гэта, герцаг дэ Круа, пасол Саксоніі Ланген і генерал Галарт (Аларт) здаліся шведам[15]. А 8 гадзіне вечара канчаткова здаўся правы фланг рускіх на чале з князям Далгарукавым. Бітва скончылася поўнай перамогай шведаў.

Карл XII загадаў расійскім палонным адбудаваць мост праз Нарву, пасля чаго адпусціў іх на волю. Страты шведаў у гэтай бітве склалі каля 700 забітымі і больш за 1200 параненымі, а страты рускіх ад 8000 да 9000 забітымі, не ўлічваючы параненых[16]. Бітва пры Нарве была адной з найбольш значных падзей пачатку Вялікай Паўночнай вайны. Навіна аб слаўнай перамозе маладога шведскага караля хутка распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе: нават на вуліцах Парыжу можна было пачуць вокліч «Vive le roi Charles!»«Жыве кароль Карл!»[16]. Аднак, як паказаў час, яго поспех быў нядоўгім. Не ўдалося ўтрымаць і Нарву: усяго праз 4 гады яе ўсё ж захапілі рускія.

Зноскі

  1. 1 2 3 Hughes, 1998
  2. Carlson F.F. Sveriges historia under konungaraa av dct pfalziska huset, 6—7. 1881—1885.
  3. 1 2 3 Беспалов, 1998
  4. 1 2 3 Великанов, В.С. К вопросу об организации и численности русской армии в Нарвском походе 1700 года (руск.)  // Война и оружие: Новые исследования и материалы. Вторая Международная научно-практическая конференция, 18-20 мая 2011 года. — Санкт Петербург: Вимаививс, 2011. — Т. 1. — С. 130—143. — ISBN 978-5-903501-12-0.
  5. Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.101
  6. Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.102
  7. Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.105
  8. Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.108
  9. Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.120
  10. Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.121
  11. Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.146
  12. Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.152
  13. Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.153
  14. Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.159
  15. Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.162
  16. 1 2 Margus Laidre. Segern vid Narva — Stockholm: Natur och Kultur, 1998. — S.177

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·XVII стагоддзе ў Эстоніі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарва
Катэгорыя·Бітвы Паўночнай вайны
Катэгорыя·Бітвы ў Эстоніі
Катэгорыя·Падзеі 30 лістапада
Катэгорыя·Бітвы Расіі
Катэгорыя·Бітвы паводле алфавіта
Катэгорыя·1700 год у Еўропе
Катэгорыя·Бітвы Швецыі
Катэгорыя·Лістапад 1700 года
Катэгорыя·Канфлікты 1700 года